Пра гэта абʼявіў у аўторак судзьдзя Хуан Мэрчан, які старшынстваваў на судовым працэсе ў Нью-Ёрку.
Перанос даты выраку, які павінен быць абвешчаны 11 ліпеня, зьвязаны з рашэньнем Вярхоўнага суду ЗША аб тым, што прэзыдэнты краіны маюць імунітэт да судовых перасьледаў за дзеяньні, зробленыя ў афіцыйнай якасьці.
У чэрвені Дональд Трамп быў прызнаны вінаватым судом прысяжных у фальсыфікацыі дзелавой дакумэнтацыі з мэтай схаваць факт аплаты маўчаньня порнаакторкі, якая пагражала апублікаваць свае сьцьвярджэньні незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году.
Адвакаты Трампа заклікалі судзьдзю ня толькі адкласьці вынясеньне прысуду, але і адмяніць вэрдыкт прысяжных на падставе таго, што дзеяньні Дональда Трампа, за якія яго перасьледавалі, былі зьдзейсьненыя ў бытнасьць яго прэзыдэнтам. 130 тысяч даляраў, выплачаныя Стормі Дэніэлс асабістым адвакатам Трампа Майклам Коэнам, былі кампэнсаваныя Коэну па ўказаньні Трампа ўжо пасьля яго ўступленьня на пасаду прэзыдэнта.
Рашэньне Вярхоўнага суду можа адбіцца і на дзьвюх іншых крымінальных справах супраць Дональда Трампа: фэдэральнай справе аб яго датычнасьці да падзей 6 студзеня, калі прыхільнікі Трампа ўварваліся ў будынак Кангрэса і на справу ў Джорджыі, дзе ён перасьледуецца пракуратурай штату за спробу аказаць уплыў на падлік галасоў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Як прагназуюць аналітыкі, насуперак чаканьням, судовыя працэсы ў гэтых справах зараз наўрад ці пачнуцца да прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць 5 лістапада.
Форум