Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія падлодкі двойчы праводзілі апэрацыі ў раёне Ірляндзкага мора з пачатку вайны ва Ўкраіне, — Bloomberg


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Цырымонія спуску на ваду падлодкі праекту «Варшавянка». Санкт-Пецярбург, 26 чэрвеня 2014 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Цырымонія спуску на ваду падлодкі праекту «Варшавянка». Санкт-Пецярбург, 26 чэрвеня 2014 году

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія падводныя лодкі двойчы праводзілі апэрацыі ў раёне Ірляндзкага мора, паведамляе Bloomberg са спасылкай на тры крыніцы.

Гаворка пра дызэль-электрычныя ўдарныя субмарыны клясы Kilo, здольныя запускаць тарпэды і крылатыя ракеты «Калібр», а таксама ўсталёўваць марскія міны.

Першы выпадак адбыўся каля 18 месяцаў таму, другі — зусім нядаўна. Паводле суразмоўцаў выданьня, маштабы перасоўваньняў расейскіх субмарынаў выходзілі за рамкі таго, што брытанскія чыноўнікі бачылі раней. Пра рух падводных лодак апавясьцілі і прадстаўнікоў ЗША.

Расейскія падлодкі ня першы раз заўважаюць у водах, якія атачаюць Вялікую Брытанію, але тады не было вядома, што яны накіроўваюцца ў Ірляндзкае мора. У 2023 годзе брытанскі верталёт і вайсковы карабель знайшлі расейскую субмарыну каля гавані Корка на паўднёвым захадзе Ірляндыі. У гэтай мясцовасьці праходзіць падводны кабэль EXA Atlantic, які злучае Канаду і Вялікую Брытанію.

У чэрвені 2024 году Расея накіравала тры караблі і атамную падводную лодку «Казань» на Кубу для правядзеньня ваенна-марскіх вучэньняў. Субмарына да гэтага была заўважаная ля заходняга ўзьбярэжжа Шатляндыі непадалёк ад брытанскай ваенна-марской базы ў Фаслейне, дзе базуюцца атамныя і дызэльныя падводныя лодкі. Пры гэтым субмарына, як адзначаецца, не заходзіла ў воды Вялікай Брытаніі.

Разгортваньне Расеяй падводных лодак вакол Вялікай Брытаніі і Ірляндыі можа быць спробай выявіць патэнцыйна слабыя месцы ў абароне або запалохаць Вялікую Брытанію ў адказ на яе падтрымку Ўкраіны, выказалі здагадку суразмоўцы агенцтва.

Паводле адной з крыніц, расейскай падводнай лодцы будзе няпроста прайсьці Ірляндзкае мора, не парушыўшы пры гэтым міжнароднае права. Падводныя лодкі паводле закону павінны перамяшчацца па паверхні тэрытарыяльных водаў. Ірляндзкае мора мае розную глыбіню, таму перамяшчэньне расейскага судна ў падводных водах можа быць цяжкім, дадала крыніца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG