Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Брытаніі: Украіна мае права наносіць удары па тэрыторыі Расеі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран у Кіеве, 16 лістапада 2023 году.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран у Кіеве, 16 лістапада 2023 году.

Былы прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі, які цяпер займае пасаду міністра замежных спраў краіны, Дэйвід Кэмэран заявіў, што Ўкраіна можа наносіць удары брытанскай зброяй па тэрыторыі Расеі.

«Украіна мае такое права. Расея бʼе па тэрыторыі Ўкраіны, і можна зразумець, што Ўкраіна адчувае неабходнасьць забясьпечыць сваю абарону», — сказаў ён карэспандэнту Reuters падчас свайго візыту ў Кіеў.

Кэмэран таксама паабяцаў, што Вялікая Брытанія працягне падтрымліваць Украіну. Паводле ягоных слоў, Лёндан будзе даваць тры мільярды фунтаў кожны год «столькі часу, колькі будзе неабходна». Ён таксама ўдакладніў, што з пункту гледжаньня перадачы ўзбраеньняў Вялікая Брытанія аддала ўсё, што можна.

23 красавіка Лёндан абвясьціў, што выдзяляе Ўкраіне найбуйнейшы ў гісторыі краіны пакет дапамогі на 617 мільёнаў даляраў (500 мільёнаў фунтаў). Паведамлялася, што ён пойдзе на хуткую дастаўку тэрмінова неабходных Украіне боепрыпасаў, сродкаў СПА, дронаў і інжынэрных сродкаў.

У пакет вайсковай дапамогі ўвойдуць, паводле прэс-рэлізу, больш за 1600 ударных і зэнітных ракет, у тым ліку новая партыя крылатых ракет Storm Shadow, чыя далёкасьць палёту складае каля 250 кілямэтраў.

Раней улады Расеі неаднаразова заяўлялі, што перадача УСУ такога роду ўзбраеньняў — «чырвоная лінія», за пераход якой будзе дадзены адказ.

  • Дэйвід Кэмэран быў лідэрам Кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі з 2005 па 2016 год. З 2010 па 2016 год ён займаў пасаду прэмʼер-міністра краіны. У 2014 годзе Кэмэран рэзка крытыкаваў Расею. Ён таксама выступаў за правядзеньне рэфэрэндуму за выхад Вялікай Брытаніі з ЭЗ. Пасьля галасаваньня Кэмэрана абвінавацілі ў падзеле краіны і Кансэрватыўнай партыі. У лістападзе 2023 году прэмʼер-міністар Рышы Сунак прызначыў яго кіраўніком МЗС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG