Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памідорам у Лукашэнку, крывавы салют, «плюшавы дэсант», мілітарызаваны агратрэш. Што трагічнага і камічнага адбывалася 3 ліпеня ў 1997-2023


Сьвяткаваньне афіцыйнага сьвята 3 ліпеня 1997-2023. Каляж
Сьвяткаваньне афіцыйнага сьвята 3 ліпеня 1997-2023. Каляж

3 ліпеня, дзень вызваленьня Менску Чырвонай Арміяй ад нацысцкай акупацыі, афіцыйна сьвяткуецца як Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Гэтае рашэньне прынялі на спрэчным рэфэрэндуме 1996 году, калі былі значна пашыраныя паўнамоцтвы Лукашэнкі.

Вось падборка скандалаў, трагічных і камічных здарэньняў, якія адбываліся 3 ліпеня.

1997 год. Першы вайсковы парад 3 ліпеня

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Першае ж сьвяткаваньне афіцыйнага сьвята мае мілітарысцкі характар. На плошчы Незалежнасьці прайшоў парад з вайсковай тэхнікай і авіяцыяй.

1998 год. Авіяшоў у Баравой

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Працягам мілітарысцкага парадку дня сталі яшчэ адзін парад на плошчы Незалежнасьці і авіяцыйнае сьвята ў Баравой на ўскрайку Менску.

1999 год. Без параду

Праз трагедыю на Нямізе ў Беларусі нічога не сьвяткавалі 40 дзён.

2000 год. Без параду

Бо яго правялі 9 траўня

2001 год. Да мілітарызму дадаецца агратрэш

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Разам з танкамі і самалётамі на парадзе прысутнічаюць трактары, камбайны, БелАЗы.

2002 год. У Лукашэнку кінулі памідорам

Падчас эстафэты на цэнтральным праспэкце ў Менску з натоўпу паляцеў памідор у Аляксандра Лукашэнку, які ехаў на лыжаролерах. Кідок аказаўся трапны, а памідорны сок, які расьцёкся па голых нагах Лукашэнкі, стаў падставай для афіцыйных СМІ растыражаваць драматычную навіну — маўляў, у прэзыдэнта запусьцілі «цяжкім прадметам», што прывяло да крывавай траўмы.

2003 год. Упершыню парад на Кастрычніцкай плошчы

Парад упершыню прайшоў на Кастрычніцкай плошчы. Там жа выступіла ганаровая варта. Гэта стане абавязковай часткай усіх наступных парадаў Лукашэнкі.

2004 год. Упершыню парад ля стэлы

Парад для Лукашэнкі ўпершыню праводзяць ля стэлы «Менск — горад-герой» — на тагачаснай вуліцы Іерусалімскай, якая праз год стане часткай праспэкту Машэрава.

2005 год. Партрэт Сталіна на парадзе, Лукашэнка танцуе на Кастрычніцкай плошчы

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Шэсьце вэтэранаў на былым праспэкце Скарыны. Калёну ачольвае Лукашэнка з двума сынамі, апранутымі ў вайсковую форму. Калёна, якая ішла за Лукашэнкам, несла партрэт Сталіна.

Увечары на Кастрычніцкай плошчы ў натоўпе Лукашэнка танцуе з бляндынкай і брунэткай у суправаджэньні тагачасных кіраўнікоў ягонай адміністрацыі — Шэймана і Менгарвыканкаму — Паўлава.

2006, 2007 гады. Перайманьне традыцыі маскоўскага параду 1937 году

У гэтыя гады парады праходзілі без вайсковай тэхнікі, як тэатралізавана-спартовыя шэсьці. У 2007-м у Менску паказалі «Беларускую вазу» з 400 чалавек, упершыню прадэманстраваную ў 1937 годзе на парадзе ў Маскве. Прадстаўнікі апазыцыі ўскладаюць кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі.

2008 год. Выбух ля стэлы

Пасьля выбуху 4 ліпеня 2008-га
Пасьля выбуху 4 ліпеня 2008-га

Уначы з 3 на 4 ліпеня на канцэрце каля стэлы «Менск — горад-герой» выбухнула самаробная прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Пацярпелі каля 50 чалавек, трое зь іх — цяжка. Падазраванымі тады пабывалі 120 чалавек, шмат хто зь іх трапіў у сьледчыя ізалятары, але потым выявілася, што ніхто зь іх не датычны да арганізацыі выбуху. Адбіткі пальцаў узялі ў 1,3 мільёна чалавек. Пазьней суд прызнаў вінаватымі ў выбуху каля стэлы Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава — тых самых людзей, якім прысудзілі сьмяротнае пакараньне за выбух у менскім мэтро.

2009 год. Зьяўленьне Колі Лукашэнкі

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Зноў дэманстрацыя вайсковай тэхнікі. Упершыню публічна зьявіўся малодшы сын Лукашэнкі Мікалай, чатырохгадовы, у вайсковай форме і пілётцы.

2010 год. Разам маршыруюць расейскія і ўкраінскія вайскоўцы

Цяпер гэта цяжка ўявіць, але ў 2010 годзе на парадзе маршавалі каля 30 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку прадстаўнікі Ўзброеных сіл Расеі і Ўкраіны.

2011 год. Брутальны разгон маўклівых акцый пратэсту

Падчас маўклівых пратэстаў
Падчас маўклівых пратэстаў

Сілавыя структуры жорстка разагналі акцыі маўклівага пратэсту, якія праходзілі ў Менску і рэгіёнах Беларусі. У Менску тады міліцыя затрымала больш за 300 чалавек. У рэгіёнах — некалькі дзясяткаў. Акцыі арганізоўвала суполка «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Адначасна адбываліся афіцыйныя ўрачыстасьці ў стылі агратрэш: трактар «Беларус» з прылепленымі вачыма і нафарбаванымі вуснамі.

2012 год. Расейская вайсковая тэхніка ў Менску і «плюшавы дэсант»

Палёт швэдзкага самалёта на Беларусьсю
Палёт швэдзкага самалёта на Беларусьсю

На афіцыйны парад упершыню прыяжджае расейская вайсковая тэхніка, у тым ліку зэнітныя ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр-С1», якія ваявалі ў Сырыі. Раніцай 4 ліпеня аднаматорны самалёт з швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатовасьці ня толькі беларускіх, але і «саюзных» сродкаў СПА.

2013 год. Расейскія «Іскандэры» ў Менску

Ізноў расейская тэхніка на парадзе — комплексы «Іскандэр», С-400 «Трыюмф», бронеаўтамабілі «Тыгр».

2014 год. «Жыве Беларусь!» ад Зюганава

За два дні да параду ў Менск прыяжджае Пуцін — разам з Лукашэнкам ён удзельнічае ў адкрыцьці новага будынку музэю ВАВ, але на сам парад не застаецца. Старшыня Кампартыі Расеі Генадзь Зюганаў даслаў Аляксандру Лукашэнку тэлеграму, віншуючы з Днём незалежнасьці. Завяршыў ён яе словамі: «Жыве Беларусь!»

2015 год. Беларускія вышыванкі і бел-чырвона-белыя сувэніры ў Магілёве

Дзень вышыванкі ў Магілеве
Дзень вышыванкі ў Магілеве

3 ліпеня ў Магілёве адбылося афіцыйнае сьвята нацыянальнай культуры, на якім прадставілі беларускія вышыванкі і бел-чырвона-белыя сувэніры. На парадзе ў Менску ўпершыню прадэманстравалі беларускі вайсковы комплекс «Палянэз».

2016 год. У Гомлі — сьвята вышыванкі

Сьвята вышыванкі, Гомель
Сьвята вышыванкі, Гомель

У Гомлі падчас афіцыйнага сьвята вышыванкі старшаклясьнікі, выхавацелі дзіцячых садкоў, навучэнцы каледжу мастацтваў знаёмілі гараджанаў з рознымі спосабамі вышываньня сарочак, маек, ручнікоў. Майстры і самі былі ў нацыянальных беларускіх строях.

2017 год. Акцыя Статкевіча. На парадзе расейскі генэрал, які кіраваў расейскай групоўкай на Данбасе

За парадам войскаў у Менску з нагоды афіцыйнага дня незалежнасьці Беларусі назірала расейская вайсковая дэлегацыя на чале з галоўным вайскаводам Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сілаў Расеі генэрал-палкоўнікам Андрэем Сердзюковым, які камандаваў усёй групоўкай расейскіх сілаў на Данбасе. У цэнтры Менску мірна прайшла акцыя «За мірную Беларусь», якую арганізавалі Беларускі нацыянальны кангрэс і Мікола Статкевіч. Затрыманьняў і брутальных дзеяньняў з боку міліцыі не было.

2018 год. Разгон акцыі Статкевіча. Вайскоўка маршыруе басанож

На афіцыйным парадзе былі вайскоўцы з Расеі і Кітаю, беларускія вайскоўцы выносілі сьцягі СССР, упершыню выйшлі беларускія вайскоўцы-жанчыны і курсанты вайсковых вучэльняў. Адна зь іх прамаршыравала перад урадавай трыбунай басанож. На праспэкце Незалежнасьці ў Менску празь некалькі хвілін пасьля вяртаньня вайсковай тэхнікі з параду дарожныя службы пачалі рамантаваць асфальт. Міліцыя затрымала амаль усіх удзельнікаў «Акцыі вызваленьня і салідарнасьці», якую арганізоўваў Мікола Статкевіч у сквэры на бульвары Талбухіна. Сам Статкевіч не прыйшоў, бо яго затрымалі каля ягонага дому.

2019 год. Крывавы салют. Кандыцыянэр для Лукашэнкі

3 ліпеня 2019, выбух, салютная ўстаноўка
3 ліпеня 2019, выбух, салютная ўстаноўка

Падчас салюту 3 ліпеня 2019 году ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку. Ад раненьня аскепкам загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Суд прызнаў вінаватымі камандзіра патрульнай роты Менскай вайсковай камэндатуры і двух супрацоўнікаў расейскай фірмы «Пиро-Росс». Кожнага зь іх асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні. На афіцыйным парадзе ўпершыню маршавалі жанчыны-міліцыянты. Бралі ўдзел расейскія і азэрбайджанскія вайскоўцы. Высьветлілася, што трыбуна, на якой стаіць Аляксандар Лукашэнка, абсталяваная кандыцыянэрам.

2020 год. Самалёцікі «Свабоду палітвязьням», Цапкалы на «Лініі Сталіна»

Валер Цапкала з жонкай Веранікай. 3 ліпеня 2020-га
Валер Цапкала з жонкай Веранікай. 3 ліпеня 2020-га

У часе мерапрыемстваў, прысьвечаных афіцыйнаму Дню незалежнасьці, у Менску з дому насупраць Палаца спорту запусьцілі некалькі дзясяткаў папяровых самалёцікаў з надпісам «Свабоду палітвязьням». Валер Цапкала ля танку, праўдападобна на «Лініі Сталіна», гаварыў пра «дух савецкага воіна». На фатаздымку Валер Цапкала быў у савецкай палявой гімнасьцёрцы з жонкай Веранікай у савецкай салдацкай пілётцы.

2021 год. Лукашэнка супраць гімну «Магутны Божа»

Менск. 3 ліпеня 2021 году
Менск. 3 ліпеня 2021 году

Падчас выступу з нагоды Дня Незалежнасьці Лукашэнка перасьцярог ад выкананьня рэлігійнага гімну «Магутны Божа», у тым ліку ў касьцёлах. Сьвятлана Ціханоўская выступіла са зваротам, у якім казала, што «акупанты, якія б’юць беларусаў, перапісваюць гісторыю і скажаюць нацыянальныя сымбалі — і ў гэты ж час крывадушна ладзяць салюты ў гонар Дня Незалежнасьці».

2022 год. Лукашэнка — пра падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны, Ціханоўская — пра «акупаваны Менск»

3 ліпеня Лукашэнка выбраўся на «Курган Славы» пад Менскам, дзе заявіў, што Беларусь — «адзіная краіна, якая падтрымлівае расейцаў у гэтай барацьбе. Наш удзел у спэцапэрацыі мною вызначаны даўно». Лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская заяўляе, што «праз 78 гадоў пасьля вызваленьня Менск зноў акупаваны, на гэты раз Лукашэнкам і Пуціным».

2023 год. Лукашэнка — пра «наваяўленых нацыстаў», Ціханоўская — пра змаганьне за новы Дзень незалежнасьці Беларусі

Выступаючы на Кургане Славы, Лукашэнка заявіў, што Вялікая Айчынная вайна «навучыла беларусаў шанаваць жыцьцё, мір і свабоду», а таксама пра «наваяўленых нацыстаў», гаварыў чарговым разам пра Беларусь як «кавалак зямлі». Лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская ў сваім звароце казала, што «мы змагаемся за той дзень, калі будзе адзначацца новы Дзень незалежнасьці ў Беларусі, свабоднай ад тыраніі і расейскага імпэрыялізму».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG