Сьцісла:
- Парад — палітычнае шоў, якое падкрэсьлівае імкненьне Лукашэнкі выглядаць супэргероем;
- Ніхто ня ведае, як доўга працягнецца эпідэмія ў Беларусі; магчыма, што і палітычнае шоў да 3 ліпеня (Дзень Рэспублікі), і выбары адбудуцца без звычайнай ідэалягічнай помпы;
- Ёсьць верагоднасьць, што ўсе пабачаць: жыцьцё працягваецца і без Лукашэнкі;
- Для Лукашэнкі важна ня толькі ўтрымаць уладу, але і стварыць пэўны вобраз для гісторыі. Дзеля вобразу супэргероя ён рызыкуе здароўем і жыцьцём суграмадзянаў.
Лукашэнка шчыра кажа, што «ня можа адмяніць парад». Для яго гэта будзе дэманстрацыяй слабасьці. Хоць, здаецца, сілавы блёк цалкам падтрымлівае свайго галоўнакамандуючага. Зьмена ўлады праз рэвалюцыю на сёньня проста немагчымая. Тады якая слабасьць?
Дэманстрацыя ўласнай рашучасьці павінна быць скіраваная ня толькі на адданую частку электарату, але, магчыма, у першую чаргу — на «вэртыкаль» улады. «Вэртыкаль» усё ведае знутры, ёй локшыны на вушы праз дзяржТВ не павесіш. Але правадыр мусіць дэманстраваць сваю псыхалягічную перавагу, інакш падначаленыя яго «паважаць перастануць».
Цікава, што пераняць прыклад з Расеі гэтым разам немагчыма. Хоць раней рабіць «як у Расеі» лічылася ледзь не канстытуцыйнай нормай. У Расеі хоць і аўтарытарызм, але сыстэма ўлады мае складаную структуру. Першую асобу дзяржавы можна фармальна мяняць. Плюс: там ёсьць фінансавыя рэсурсы, якія дазваляюць ствараць хоць бы бачнасьць клопату пра насельніцтва.
У безграшовай Беларусі ўсё падладжана пад Лукашэнку. А цяпер уявім, што ня будзе палітычнага шоў 9 траўня, пасьля 3 ліпеня, выбары мінуцца без «масавікоў-зацейнікаў» і скокаў пад гарэлку ў школьным буфэце... Так і наступны травень надыдзе, і будзе бачна, што жыцьцё працягваецца і без супэргероя.
Лукашэнка ў тым узросьце, калі сілы яшчэ ёсьць, але ўжо варта задумвацца, якім ты застанесься ў гісторыі.
Ёсьць такі мэм, папулярны ў сеціве. Там звычайна чатыры кадры: як бачыш сябе ты, як бачаць цябе твае сябры, як бачыць цябе публіка, кім ты ёсьць насамрэч.
Мне падаецца, што Лукашэнку турбуе трэці пункт — пра масавае ўспрыняцьце. У ягонай сыстэме каштоўнасьцяў няма ўяўленьня, што сіла можа быць добрай. Таму людзі не пачулі і, відаць, не пачуюць словаў псыхалягічнай падтрымкі тым, хто твар у твар сутыкнуўся з эпідэміяй у Беларусі.
Што да параду на 9 траўня, акурат у гэты час у шпіталі пачнуць паступаць «велікодныя» заражаныя. Лукашэнка ўжо не такі ўпэўнены, трохі мітусіцца. І парад праводзіць, і вэтэранаў хоча бараніць ад вірусу. Як у казіно, калі гулец хоча адгадаць, на які колер паставіць — у рулетцы іх усяго два.
Але ў жыцьця колераў значна болей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.