Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лякарні Кіева пасьля замаху памёр казахстанскі апазыцыйны журналіст Айдас Садыкаў


Айдас Садыкаў. Архіўнае фота
Айдас Садыкаў. Архіўнае фота

За апошнія гады ва Ўкраіне адбылося некалькі рэзанансных забойстваў.

Казахстанскі апазыцыйны журналіст Айдас Садыкаў памёр у кіеўскай лякарні — ён 13 дзён змагаўся за сваё жыцьцё пасьля ўзброенага нападу і атрыманьня цяжкага раненьня ў галаву.

«Айдас Садыкаў пайшоў ад нас сёньня а 3:00 паводле Кіева. Мой каханы муж, бацька нашых траіх дзяцей, вялікі сын казаскага народу. Айдас аддаў сваёй жыцьцё за Казахстан, прыняў пакутніцкую сьмерць ад рукі кілераў. Трынаццаць дзён Айдас змагаўся за жыцьцё ў рэанімацыі, але цуду ня здарылася. Ягоная сьмерць на сумленьні Такаева», — паведаміла жонка журналіста Натальля Садыкава на сваёй старонцы ў Facebook.

У Кіеўскай гарадзкой пракуратуры паведамілі, што празь сьмерць казахстанскага журналіста сьледчыя зьмянілі кваліфікацыю злачынства. Цяпер падазраваных абвінавачваюць у заказным наўмысным забойстве, учыненым групай асоб (п.п. 11, 12 ч. 2 артыкулу 115 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

За апошнія гады ва Ўкраіне адбылося некалькі рэзанансных забойстваў — журналістаў Алеся Бузіны і Паўла Шарамета, колішняга дэпутата Дзяржаўнай Думы Расеі Дзяніса Вараненкава, супрацоўніка галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Максіма Шапавала. Паўла Шарамета і Максіма Шапавала падарвалі ў аўтамабілях. З гэтых злачынстваў раскрылі толькі забойства Дзяніса Вараненкава.

Што папярэднічала

Узброены напад на Айдаса Садыкава адбыўся 18 чэрвеня недалёка ад цэнтру Кіева. У гэты момант ён і ягоная жонка знаходзіліся ў машыне. Нападнік выйшаў з-за дрэва і выстраліў у кіроўцу. Яго зь цяжкім раненьнем шпіталізавалі.

Крымінальную справу завялі па факце замаху на наўмыснае забойства 56-гадовага журналіста, грамадзяніна Казахстану.

У Кіеўскай гарадзкой пракуратуры паведамілі, што празь сьмерць казахстанскага журналіста сьледчыя зьмянілі кваліфікацыю злачынства. Цяпер падазраваных абвінавачваюць у заказным наўмысным забойстве, учыненым групай асоб (п.п. 11, 12 ч. 2 артыкулу 115 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў 19 чэрвеня заявіў, што што даручыў Міністэрству замежных спраў і праваахоўным органам «накіраваць афіцыйныя запыты ўкраінскаму боку аб гэтым сур’ёзным інцыдэнце». Ён таксама заявіў, што «казахстанскія афіцыйныя органы гатовы падключыцца да расьсьледаваньня для садзейнічаньня ў выяўленьні праўды».

21 чэрвеня ўкраінскія сьледчыя паведамілі, што ў справе замаху на забойства Айдаса Садыкава ідэнтыфікавалі дзьвюх падазраваных асобаў — гэта грамадзяне Казахстану Алтай Жаканбаеў 1988 году нараджэньня і Мэйрам Каратаеў 1991 году нараджэньня.

22 чэрвеня Генпракуратура Казахстана паведаміла аб затрыманьні Алтая Жаканбаева. Паводле ведамства, ён сам зьвярнуўся ў органы ўнутраных спраў Казахстана. Яго дапыталі, пасьля чаго затрымалі. Другі падазраваны ў справе аб нападзе на Садыкава, Мэйрам Каратаеў, знаходзіцца ў вышуку.

Натальля Садыкава сьцьвярджае, што Алтай Жаканбаеў зьяўляецца супрацоўнікам замежнай выведкі Казахстану.

У кастрычніку 2023 году ўлады Казахстану абвясьцілі Садыкавых у вышук праз абвінавачаньне ў «распальваньні варожасьці». У сваіх відэаматэрыялах Садыкавы крытыкавалі ўлады Казахстану, а таксама асьвятлялі судовыя працэсы пасьля студзеньскіх падзей у 2022 годзе, калі ў выніку пратэстаў загінулі ня менш за 238 чалавек, а акцыі змаглі спыніць толькі пасьля ўмяшаньня сілаў АДКБ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG