Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі нападнікаў на казахстанскага журналіста і абвясьцілі іх у міжнародны вышук

абноўлена

Айдас Садыкаў знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане
Айдас Садыкаў знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане

Падазраваныя прыбылі ў Кіеў 2 чэрвеня і арандавалі жытло па розных адрасах.

Ва Ўкраіне сьледзтва ў справе замаху на забойства казахстанскага журналіста і актывіста Айдаса Садыкава ідэнтыфікавала дзьвюх падазраваных асобаў.

Як адзначаецца ў паведамленьнях аб падазрэньні, апублікаваных на афіцыйным сайце Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, гэта грамадзяне Казахстану Алтай Жаканбаеў 1988 году нараджэньня і Мэйрам Каратаеў 1991 году нараджэньня.

У дакумэнце адзначаецца, што падазраваныя прыбылі ў Кіеў 2 чэрвеня і арандавалі жытло па розных адрасах. 6 чэрвеня Жаканбаеў купіў аўтамабіль Opel Vectra для назіраньня за Айдасам Садыкавым, а 8 чэрвеня яны праз сайт Booking зарэзэрвавалі кватэру ўжо паблізу месца пражываньня пацярпелага.

Увесь гэты час да нападу 18 чэрвеня яны вывучалі распарадак дня і звычкі журналіста. Паводле матэрыялаў сьледзтва, прыцэльны стрэл у галаву пацярпелага зрабіў Мэйрам Каратаеў.

Зь месца падзеі яны ўцяклі, а пісталет выкінулі каля загароды на тэрыторыі Кіеўскага заапарку.

Пазьней у Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны паведамілі, што падазраваных абвясьцілі ў міжнародны вышук.

Стан журналіста па-ранейшаму застаецца цяжкім

Жонка пацярпелага Натальля Садыкава паведаміла, што стан яе мужа Айдаса з моманту шпіталізацыі і правядзеньня апэрацыі не зьмяніўся.

Камэнтуючы абнародаваньне прозьвішчаў падазраваных, яна адзначыла, што Мэйрам Каратаеў, які стрэліў у ейнага мужа, зьяўляецца супрацоўнікам дэпартамэнту ўнутраных спраў Кастанайскай вобласьці і займаў першыя месцы на спаборніцтвах у стральбе сярод супрацоўнікаў.

«Я не памылілася ні калі абвінаваціла ў замаху Такаева, ні калі сказала, што страляў прафэсіянал», — падкрэсьліла Натальля Садыкава.

Што папярэднічала

Узброены напад на Айдаса Садыкава адбыўся 18 чэрвеня недалёка ад цэнтру Кіева. У гэты момант ён і ягоная жонка знаходзіліся ў машыне. Нападнік выйшаў з-за дрэва і выстраліў у кіроўцу. Яго зь цяжкім раненьнем шпіталізавалі.

Прэсавая служба Кіеўскай гарадзкой пракуратуры паведаміла, што крымінальную справу завялі па факце замаху на наўмыснае забойства 56-гадовага журналіста, грамадзяніна Казахстану.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў 19 чэрвеня заявіў, што што даручыў Міністэрству замежных спраў і праваахоўным органам «накіраваць афіцыйныя запыты ўкраінскаму боку аб гэтым сур’ёзным інцыдэнце». Ён таксама заявіў, што «казахстанскія афіцыйныя органы гатовы падключыцца да расьсьледаваньня для садзейнічаньня ў выяўленьні праўды».

У кастрычніку 2023 году ўлады Казахстану абвясьцілі Садыкавых у вышук паводле абвінавачаньня ў «распальваньні варожасьці». У сваіх відэаматэрыялах Садыкавы крытыкавалі ўлады Казахстану, а таксама асьвятлялі судовыя працэсы пасьля студзеньскіх падзей у 2022 годзе, калі ў выніку пратэстаў загінулі ня менш за 238 чалавек, а акцыі змаглі спыніць толькі пасьля ўмяшаньня сілаў АДКБ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG