Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Люстэрка»: Пасьля Літвы абмежаваньні на ўвоз тавараў на мяжы зь Беларусьсю ўвялі і ў Латвіі


Памежны знак на тэрыторыі Латвіі. Ілюстрацыйнае фота
Памежны знак на тэрыторыі Латвіі. Ілюстрацыйнае фота

З сацсетак стала вядома, што ў латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» («Грыгораўшчына» на беларускім баку) мытнікі просяць грамадзян выкідаць цыгарэты, выліваць алькаголь, пыталіся пра наяўнасьць беларускай касмэтыкі, тэкстылю і іншага.

На адзіным памежным пераходзе, які цяпер дзейнічае на мяжы Латвіі і Беларусі, грамадзяне Беларусі паведамілі пра абмежаваньні, аналягічныя тым, што ўвялі ў Літве на пачатку чэрвеня.

Як паведаміла выданьне «Люстэрка», у латвійскім пункце пропуску «Патэрніекі» («Грыгораўшчына» на беларускім баку) мытнікі просяць грамадзян выкідаць цыгарэты, выліваць алькаголь, пыталіся пра наяўнасьць беларускай касмэтыкі, тэкстылю, прадметаў з мэталаў і плястыку.

Супрацоўнікі мытні на пункце пропуску «Патэрніекі», да якіх «Люстэрка» зьвярнулася па камэнтар, абгрунтавалі абмежаваньні эўрапейскімі санкцыямі, прадугледжанымі рэглямэнтам Рады Эўразьвязу 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 году.

У той жа час латвійскія мытнікі не змаглі дакладна назваць пералік прадметаў, забароненых да ўвозу ў Латвію. Але падкрэсьлілі, што ён дастаткова вялікі і распаўсюджваецца ў тым ліку на фізычных асобаў. Пералік прапанавалі паглядзець непасрэдна ў тэксьце новай пастановы Рады Эўразьвязу.

У паведамленьні Рады Эўразьвязу гаворыцца пра працяг забароны «на экспарт тавараў і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, а таксама пра дадатковае абмежаваньне на экспарт тавараў, якія могуць садзейнічаць умацаваньню прамысловага патэнцыялу Беларусі».

Новыя абмежаваньні закранаюць гандаль таварамі і паслугамі, а таксама забараняюць пастаўкі зь Беларусі золата, дыямэнтаў, гелію, вугалю і сырой нафты. Апроч таго, абмежаваньні ўвялі на транспартаваньне грузаў зарэгістраванымі ў Беларусі прычэпамі і паўпрычэпамі.

Такіх пазыцый, як алькаголь, цыгарэты, касмэтыка, тэкстыль, пра якія беларусы паведамілі зь мяжы, у дакумэнце няма.

На пачатку чэрвеня падобная сытуацыя была на беларуска-літоўскай мяжы, калі ўрад Літвы забараніў увозіць зь Беларусі жывёлу, мяса і субпрадукты, рыбу, малако і малочныя прадукты, яйкі, мёд, садавіну, гародніну, каву, збожжа, напоі і іншыя віды прадукцыі (усяго больш за 2800 пазыцый).

Праз гэтыя абмежаваньні беларусам, якія ехалі зь беларускай тэрыторыі ў Літву, прапаноўвалі выкідаць прадукты, напоі (у тым ліку ваду), цыгарэты, лекі і іншыя тавары, якіх не было ў абмежавальным пераліку.

3 чэрвеня ў Офісе Сьвятланы Ціханоўскай паведамілі, што правялі зь літоўскімі ведамствамі кансультацыі, пасьля якіх беларусам дазволілі ўвозіць прадукты ў адкрытых пакунках і тавары для асабістага карыстаньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG