Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт у ААН: у абстрэлах Харкава і Запарожжа Расея выкарыстоўвала ракеты з КНДР


Выступае прадстаўнік ЗША пры ААН Робэрт Вуд, архіўнае фота
Выступае прадстаўнік ЗША пры ААН Робэрт Вуд, архіўнае фота

28 чэрвеня Рада Бясьпекі ААН правяла пасяджэньне па пытаньні незаконнага набыцьця Расеяй паўночнакарэйскай зброі і выкарыстаньня яе ў вайне з Украінай.

Набыцьцё зброі КНДР любой дзяржавай парушае шматлікія рэзалюцыі і санкцыйны рэжым Рады Бясьпекі. Расея называе гэтыя абвінавачаньні «неабгрунтаванымі».

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН склікалі на ініцыятыву Францыі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Вялікабрытаніі і ЗША. Прадстаўнік ЗША пры ААН Робэрт Вуд заяву ад асобы гэтых краін і ЗША.

«Расея аднаасобна анулявала мандат Групы экспэртаў-1718, гэта значыць аднаасобна спыніла працу гэтай групы, якую на працягу 14-ці гадоў падтрымлівала Рада Бясьпекі, — заявіў Роберт Вуд. — Аднак ні Расея, ні КНДР ня змогуць перашкаджаць публічнаму распаўсюду інфармацыі, у тым ліку і адносна незаконнай перадачы зброі КНДР Расеі. Незалежныя экспэрты працягваюць публікаваць матэрыялы па гэтым пытаньні, каб яно заставалася ў полі грамадзкай увагі. Мы рашуча асуджаем гэтую незаконную перадачу зброі, якая моцна спрыяе Расеі ў яе магчымасьці працягваць вайну супраць Украіны».

На працягу апошніх 14 гадоў у ААН працавала Камісія экспэртаў-1718, якая займалася маніторынгам выкананьня Паўночнай Карэяй рэзалюцый РБ ААН па ядзернай праграме і па продажы канвэнцыйнай зброі іншым краінам — і тое, і іншае забаронена Радай Бясьпекі. Мандат Камісіі-1718 скончыўся 30 красавіка. Расея наклала вета на падаўжэньне мандата і тым самым спыніла працу Камісіі.

Прадстаўнік Расеі ў ААН Васілій Нябензя, архіўнае фота
Прадстаўнік Расеі ў ААН Васілій Нябензя, архіўнае фота


Высокі прадстаўнік ААН па пытаньнях раззбраеньня Ісумі Накаміцу, выступаючы на пасяджэньні РБ ААН, адзначыла, што да спыненьня сваёй працы Камісія якраз займалася расьсьледаваньнем сьведчаньняў продажу паўночнакарэйскай зброі Расеі.

«За апошнія месяцы былі высунутыя здагадкі аб перадачы КНДР балістычных ракет і амуніцыі Расейскай Фэдэрацыі з парушэньнем адпаведных рэзалюцый Рады Бясьпекі, для выкарыстаньня ў ваенным канфлікце ва Ўкраіне, які Расея разьвязала ў парушэньне Статута ААН і міжнародных законаў, — сказала Ісумі Накаміцу. — Хачу адзначыць, што Камісія экспэртаў-1718 у сваім апошнім дакладзе ад 7 сакавіка 2024 года заяўляла, што «Камісія расьсьледуе паведамленьні, атрыманыя ад некаторых краін-сябраў ААН, пра паўночнакарэйскія пастаўкі звычайных узбраеньняў і амуніцыі ў парушэньне санкцый».

Амэрыканскі прадстаўнік адзначыў, што дзеяньні КНДР і Расеі ўяўляюць пагрозу для ўсяго сьвету, парушае шматлікія рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН.

Расея адмаўляе гэтыя абвінавачваньні. Аднак на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН выступіў экспэрт арганізацыі Conflict Armament Research, якая адсочвае незаконны продаж зброі ў краіны з ваеннымі канфліктамі. Ва Ўкраіне гэтая арганізацыя працуе з 2018 года.

«У гэтым годзе мы зафіксавалі новы трэнд у разьвіцьці канфлікту — выкарыстаньне звычайных узбраеньняў, зробленых у КНДР, — сказаў экспэрт арганізацыі Conflict Armament Research Іёна Лёф. — У студзені 2024-га года каманда нашых экспэртаў на месцы задакумэнтавала абломкі балістычнай ракеты, якой 2-га студзеня 2024-га года быў нанесены ўдар па Харкаву, другому па велічыні горадзе ва Ўкраіне.

Вось абломкі ракеты, якія мы знайшлі. Нашы экспэрты задакумэнтавалі ракетны рухавік, хваставую частку, каля 300 унутраных кампанэнтаў, зробленых 26-цю кампаніямі ў 8-мі краінах сьвету. На аснове некалькіх унікальных рыс, выяўленых падчас працэсу дакумэнтацыі, нашы экспэрты вызначылі, што гэта ракета КН23 ці КН24 і зроблена яна ў КНДР у 2023-м годзе. У далейшым нашы каманды экспэртаў праінспэктавалі яшчэ тры ракеты КНДР, якія былі выпушчаныя па Харкаве і Запарожжы ў пачатку гэтага года».

На пасяджэньні многія чальцы РБ ААН асудзілі чарговы запуск балістычнай ракеты КНДР, які быў праведзены 26 чэрвеня. З 2022-га года КНДР зрабіла запуск больш за 100 балістычных ракет.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG