Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар ААН заклікаў Маскву выконваць санкцыі супраць КНДР


Уладзімір Пуцін і Кім Чэн Ын, Пхэньян, чэрвень 2024
Уладзімір Пуцін і Кім Чэн Ын, Пхэньян, чэрвень 2024

Адносіны Масквы і Пхеньяна павінны адпавядаць рашэньням Рады Бясьпекі ААН, Расея павінна выконваць санкцыі, уведзеныя ААН супраць Паўночнай Карэі.

Гэта заявіў Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Заява прагучала пасьля таго, як на гэтым тыдні Масква і Пхеньян паглыбілі адносіны і дамовіліся аб неадкладным аказаньні ваеннай дапамогі, калі адзін з бакоў сутыкнецца з узброенай агрэсіяй.
Падпісаньню пакта прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам папярэднічалі абвінавачаньні ЗША ў тым, што Пхеньян перадаваў Маскве зброю для выкарыстаньня супраць Украіны, куды Расія ўварвалася ў лютым 2022 года. І Масква, і Пхеньян адмаўляюць гэтыя абвінавачаньні.

Паводле слоў дыпляматаў, Рада Бясьпекі ААН правядзе пасяджэньне па Паўночнай Карэі 28 чэрвеня на просьбу ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Паўднёвай Карэі і Японіі, якія хочуць абмеркаваць пытаньне аб пастаўках зброі Пхеньянам у парушэньне рэзалюцый Рады бясьпекі.

КНДР знаходзіцца пад санкцыямі ААН з 2006 года ў сувязі са сваёй ракетна-ядзернай праграмай, і за гэты час санкцыі ўзмацняліся, прычым пры падтрымцы Расіі.

«Існуюць санкцыі ў дачыненьні да КНДР, ухваленыя Радай Бясьпекі, — заявіў Гутэрыш у гутарцы з журналістамі ў пятніцу. — Любыя адносіны, якія любая краіна падтрымлівае з КНДР, уключаючы Расейскую Фэдэрацыю, павінны цалкам адпавядаць гэтым санкцыям».

Прадстаўніцтва Расеі пры ААН адмовілася камэнтаваць словы Гутэрыша.

У траўні 2022 года Масква і Пэкін наклалі вета на прапанову ЗША ўвесьці дадатковыя санкцыі ААН супраць Паўночнай Карэі ў сувязі з аднаўленьнем запускаў балістычных ракет. У сакавіку гэтага года Расея наклала вета на аднаўленьне працы групы экспэртаў, якія адсочваюць выкананьне санкцый ААН.

Да роспуску групы ў канцы красавіка тры экспэрты пабывалі ва Украіне і ў дакладзе Рады Бясьпекі, зь якім азнаёмілася агенцтва Reuters, вызначылі, што абломкі ракеты, якая ўпала ва ўкраінскім Харкаве 2 студзеня, належаць паўночнакарэйскай балістычнай ракеце «Хвасон-11».

Кітай і Расея сьцьвярджаюць, што сумесныя ваенныя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі правакуюць Пхеньян, а Вашынгтон абвінавачвае Пэкін і Маскву ў тым, што яны падштурхоўваюць Паўночную Карэю, абараняючы яе ад новых санкцый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG