На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПіК Свабоды» адказвае доктар сацыялёгіі, прафэсар Андрэй Вардамацкі.
— Ці прадказвалі дадзеныя сацыялягічных апытаньняў посьпех на выбарах Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе? Калі так, то калі стала бачная яго перавага?
— Так, прадказаньне было. Мы прадказалі вынік з дакладнасьцю 1,4%. З таго часу некаторыя жартам мне кажуць, што гэта я ва ўсім вінаваты. Мы менавіта тады навучыліся будаваць выбарку, каб забясьпечыць яе выпадковасьць. Цяпер працуем па той жа мэтадалёгіі. Падчас той выбарчай кампаніі мы праводзілі чатыры апытаньні. І ў іх было два пераломы.
У красавіцкім (1994 году) апытаньні перамагаў Лукашэнка. У наступным лідэрам быў Вячаслаў Кебіч, потым — зноў Лукашэнка. Яго перавагу зафіксавала апытаньне, праведзенае 10–18 чэрвеня. Гэтая дынаміка ішла ў адпаведнасьці з намаганьнямі тагачаснай улады ў мэдыйнай сфэры. Але вынік не адпавядаў мэдыйнаму ўзьдзеяньню. Гэтае ўзьдзеяньне было на карысьць Кебіча, а рэйтынг рос у Лукашэнкі.
Я добра памятаю тую раньнюю летнюю раніцу. Сяджу на падвоканьні, птушкі пяюць, ветрык. Чацьвертая гадзіна раніцы. Магічны час для шматлікіх гістарычных падзей у нас. І вось прыйшлі апошнія анкеты з Горадні. Увялі, палічылі: перамагае Лукашэнка з калясальным адрывам.
— Як вы самі галасавалі ў 1994 годзе?
— Нікога не павінны цікавіць мае ўласныя палітычныя перавагі. Я трансьляцыйная вежа. І не пытайце лекара, якая тэмпэратура ў яго. Тут павінен быць дакладны выбар сваёй каштоўнаснай герархіі. Наагул кажучы, цяжка пераацаніць адмоўны ўплыў ад па-прапагандысцку арыентаваных сацыялягічных дасьледаваньняў — і з аднаго боку, і з другога.
— Наступнае пытаньне вам як менавіта трансьляцыйнай вежы ці тэрмомэтру: якой у 1994 годзе была сацыяльна-дэмаграфічная структура прыхільнікаў Лукашэнкі?
— Формула наступная. Чым вышэйшы ўзрост — тым большы рэйтынг. Чым вышэйшы адукацыйны ўзровень — тым ніжэйшы рэйтынг. Чым большыя памеры населенага пункту — тым ніжэйшы рэйтынг. Такія асаблівасьці структуры падтрымкі Лукашэнкі былі зафіксаваныя тады ж, у 1994 годзе. У далейшым сувязь падтрымкі з адукацыяй стала яшчэ больш выразнай. У гэтым, дарэчы, адна з прычынаў падзеяў 2020 году.
У 1994 годзе ў мэдыя актыўна распаўсюджвалася тэорыя, што Лукашэнку падтрымліваюць пераважна жанчыны. Але апытаньні не пацьвердзілі гэтую гіпотэзу — прыкладна роўныя былі долі жанчын і мужчын сярод яго прыхільнікаў.
— Ці мянялася гэтая структура пазьней, у наступныя гады яго кіраваньня?
— Зь цягам часу сувязь узроўню падтрымкі з узростам, адукацыяй і тыпам паселішча рабілася больш моцнай, больш выразнай. Другой тэндэнцыяй было зьмяншэньне геаграфічных адрозьненьняў. У 90-я гады падтрымка Лукашэнкі ў Магілёўскай і Віцебскай абласьцях была ўдвая вышэйшая, чым у Горадзенскай. Потым гэтыя адрозьненьні зьменшыліся. Гэта вынік узьдзеяньня дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.
— У другім туры выбараў 1994 году за Лукашэнку аддалі свае галасы 80,3% выбарнікаў пры яўцы 70,6%. Гэта 56,6% ад усяго дарослага насельніцтва краіны. Як за наступныя 30 гадоў мяняўся ўзровень падтрымкі Лукашэнкі?
— Асноўная заканамернасьць — гэта палітыка-дзелавы цыкль, U-падобная траекторыя рэйтынгу. Падтрымка Лукашэнкі падымалася да кожных прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта было выдатна відаць.
— А калі ўзровень падтрымкі Лукашэнкі за 30 гадоў зазнаваў самыя істотныя падзеньні? З чым гэта было зьвязана?
— Першае падзеньне яго рэйтынгу адбылося ўжо ўвосень 1994 году. Гэта дастаткова натуральны працэс, калі выбары — пэрформанс, парад абяцаньняў — застаюцца ў мінулым і грамадзтва вяртаецца да празаічных рэаліяў звычайнага палітычнага і эканамічнага жыцьця. І вось тады адбываюцца такія падзеньні папулярнасьці.
Я ў свой час пісаў аб працэсе, які назваў «рэйтынгавай пасткай». Сутнасьць яго ў тым, што кожны палітычны лідэр, жадаючы падтрымаць свой рэйтынг, імкнецца ўмацоўваць, падвышаць матэрыяльны ўзровень дабрабыту свайго электарату. І ў шэрагу краін існуюць прамыя карэляцыі паміж эканамічным самаадчуваньнем грамадзтва і ўзроўнем рэйтынгу лідэра. Аднак нярэдка зьмяняецца само грамадзтва: задаволіўшы свае першасныя матэрыяльныя патрэбы, яно пераходзіць на іншы каштоўнасны ўзровень па пірамідзе Маслаў. І актуальнымі робяцца такія рэчы, як самарэалізацыя, крэатыўнасьць, жаданьне ўдзельнічаць у працэсах прыняцьця рашэньняў і гэтак далей. І тады нават пры падвышэньні матэрыяльнага дабрабыту рэйтынг лідэра можа падаць. Гэта, дарэчы, адбылося і ў 2020 годзе.
Прыкметнае падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі было ў сярэдзіне нулявых гадоў. Тады адбывалася зьмена матывацыйнай структуры рэйтынгу, назіралася тое, што я называў «рутынізацыяй харызмы». Да пэўнага часу ў Беларусі дзейнічаў своеасаблівы сацыяльны кантракт паміж уладай і грамадзтвам — палітычная нэўтральнасьць у абмен на дабрабыт. Цяпер яго формула зьмянілася — гэта палітычная ляяльнасьць у абмен на перадухіленьне непасрэднага ўцягваньня Беларусі ў вайну.
— Вяртаючыся да выбараў 1994 году, чым, на ваш погляд, была абумоўленая перамога Лукашэнкі?
— Быў навідавоку эфэкт адмоўнай адаптацыі. Велізарны аб’ём станоўчай інфармацыі пра Кебіча, якую падавалі СМІ, на пэўным этапе стаў успрымацца нэгатыўна. І наадварот, нэгатыў у СМІ на адрас Лукашэнкі ішоў яму на карысьць.
Варта прыгадаць, якая грамадзкая атмасфэра была тады. Людзі на вуліцах, на аўтобусных прыпынках стаялі з прымачамі і слухалі трансьляцыі сэсіяў Вярхоўнага Савету. І хіба ня больш за іншых слухалі выступы дэпутата Лукашэнкі. Як той казаў, роля асобы ў гісторыі.
Яшчэ важны момант — гэта падабенства, ізамарфізм паміж Лукашэнкам і сярэднім беларусам. Ён гаварыў так, як гаварыла большасьць, на такой жа трасянцы, як і яны. Фігуральна кажучы, ён добра праходзіў тэст «свой-чужы». Для вельмі многіх ён быў сваім.
Таксама не апошнім чыньнікам былі простыя схемы, простыя лёзунгі. Мы памятаем лёзунгі бальшавіцкай рэвалюцыі: «Мір народам!», «Зямля сялянам!». У Лукашэнкі было — «Запушчу заводы!» І ніякіх інфляцый, рэструктурызацый і іншых мудрагелістых слоўцаў. Простыя тэзы лепш закранаюць грамадзкую думку.
Тады мы зафіксавалі цікавы сацыялягічны фэномэн — у Лукашэнкі быў найлепшы паказьнік перацякальнасьці электаратаў. Свае прыхільнікі былі ў Кебіча, Пазьняка, Шушкевіча, Новікава, Дубко. Але калі іх пыталіся: «Калі кандыдат, якому вы аддаяце перавагу, ня пройдзе, то за каго вы будзеце?» — часьцей за ўсё людзі называлі Лукашэнку.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум