Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску вынесьлі прысуд доктарцы Церашковай, сястры палітвязьня Вінярскага


Алена Церашкова, архіўнае фота
Алена Церашкова, архіўнае фота

Суд пакараў Алену Церашкову так званай «хатняй хіміяй».

Суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзеў справу і вынес прысуд сківічна-тварнаму хірургу Алене Церашковай.

Лекарку прызналі вінаватай паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). 20 чэрвеня, паводле былога актывіста «Эўрапейскай Беларусі», які прасіў яго не называць, Алене Церашковай «прысудзілі 3 гады хатняй хіміі, яна дома зь дзецьмі».

Алену вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Вырак агучыла судзьдзя Юльяна Шчэрба.

Крыніцы, блізкай да сям’і Алены Церашковай, вядома, што на працэсе тая прызнала віну часткова. Ці будзе Церашкова абскарджваць прысуд, невядома.

Алене Церашковай 47 гадоў, яна маці чацьвярых дзяцей, двое зь якіх яшчэ непаўналетнія. Алена Церашкова працуе лекарам у 11-й гарадзкой лякарні Менску, яна сківічна-тварны хірург, да затрыманьня ў траўні рэгулярна праводзіла апэрацыі. Церашкова актыўна займалася грамадзкай дзейнасьцю, была сябрам Партыі БНФ, брала ўдзел у выбарчых кампаніях. У маладосьці Алена Церашкова займалася тэквандо, двойчы заваёўвала тытул чэмпіёнкі Беларусі. Таксама жанчына вядома як пісьменьніца і перакладчыца.

Алену Церашкову да суду трымалі ў новым будынку менскага сьледчага ізалятару ў Калядзічах пад Менскам, але пра ўмовы яе ўтрыманьня там нічога невядома. Спатканьні са сваякамі жанчыне былі забароненыя, яе перапіска кантралявалася. Пакуль Алена Церашкова знаходзілася за кратамі, яе дзяцей даглядалі сваякі.

Алена Церашкова — сястра вядомага актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, асуджанага на 5 гадоў зьняволеньня паводле ч. 2 арт. 293 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Максім Вінярскі адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 3 пад Віцебскам.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG