Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Гнёт абскардзіў рашэньне сэрбскага суду аб эстрадыцыі ў Беларусь


Андрэй Гнёт, архіўнае фота
Андрэй Гнёт, архіўнае фота

31 траўня 2024 году Вышэйшы суд Бялграда вынес рашэньне аб экстрадыцыі беларускага рэжысэра Андрэя Гнёта з Сэрбіі ў Беларусь, дзе яму сурʼёзна пагражаюць катаваньні ды іншыя формы жорсткага абыходжаньня.

«Толькі што была пададзена вялікая апэляцыя, якая аспрэчвае рашэньне Вышэйшага суду Бялграда аб маёй экстрадыцыі ў Беларусь»,— напісаў рэжысэр Андрэй Гнёт, які знаходзіцца пад хатнім арыштам у Бялградзе, на сваёй старонцы ў Instagram.

«Тое, што вы бачыце — гэта доказы майго палітычнага перасьледу, катаваньняў, і бесчалавечнага абыходжаньня», — растлумачыў ён апублікаваную фатаграфію зь вялікім стосам дакумэнтаў.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH), яе партнэрская арганізацыя зь Беларусі «Вясна», а таксама іншыя праваабарончыя арганізацыі выказалі сваю глыбокую занепакоенасьць у сувязі з гэтым рашэньнем і настойліва заклікалі сэрбскія ўлады спыніць экстрадыцыю Андрэя Гнёта ў Беларусь у парушэньне абавязаньняў Сэрбіі ў галіне правоў чалавека:

«Экстрадыцыя ў Беларусь уяўляе значную пагрозу для жыцьця і здароўя Андрэя Гнёта. У дадатак да сурʼёзных і сыстэматычных парушэньняў правоў на справядлівы судовы разбор у Беларусі, якія прыводзяць да палітычна матываваных судовых разглядаў, неадпаведных прысудаў і фактычнай адсутнасьці доступу да незалежных адвакатаў, палітычныя зьняволеныя сутыкаюцца з катаваньнямі і жорсткім абыходжаньнем у беларускіх сьледчых ізалятарах, сумна вядомых сваімі жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня.

Супраць затрыманых, зьняволеных па палітычна матываваных абвінавачаньнях, ужываецца сыстэматычны перасьлед і жорсткае абыходжаньне, уключна зь неабгрунтаваным, доўгім і неаднаразовым зьмяшчэньнем у штрафныя ізалятары (ШЫЗА), дзе ім пагражае ізаляцыя і ўтрыманьне бяз сувязі з вонкавым сьветам. Ім рэгулярна адмаўляюць у доступе да мэдычнай дапамогі, адвакатаў і спатканьняў са сваякамі. У папраўчых калёніях зьняволеныя таксама мусяць выконваць прымусовую працу».

У Беларусі Андрэю Гнёту можа пагражаць да 7 гадоў турэмнага зьняволеньня нібыта за ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Акрамя таго, беларускія ўлады патэнцыйна могуць абвінаваціць Гнёта ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня» або ўдзеле ў ім, што ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам Беларусі караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 10 гадоў, нагадваюць парваабаронцы.

Яны перакананыя, што Сэрбія абавязаная прытрымлівацца прынцыпаў, якія забараняюць выдачу асобных асобаў у краіны, дзе супраць іх ужываюцца катаваньні або жорсткае, бесчалавечнае або прыніжальнае годнасьць абыходжаньне або пакараньне.

Заяву падпісалі беларускія, замежныя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі:

  • Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH),
  • беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна»,
  • Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава,
  • «Эўрапейскі абмен» (Нямеччына),
  • Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI),
  • Італьянская фэдэрацыя правоў чалавека (FIDU),
  • Міжнародны фонд «Дом правоў чалавека» (HRHF),
  • Libereco (Нямеччына, Швайцарыя),
  • Нарвэскі Хэльсынскі камітэт,
  • «Усходняя група За дэмакратыю і правы чалавека» (Östgruppen, Швэцыя),
  • «Людзі ў бядзе» (People in Need, Чэхія)
  • і іншыя.

Рэакцыя Эўразьвязу

Эўразьвяз таксама заклікаў вызваліць беларускага журналіста, рэжысэра і апазыцыйнага актывіста Андрэя Гнёта, якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь з Сэрбіі.

«Ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што ордэр на арышт спадара Гнёта быў матываваны палітычнымі прычынамі і што яму пагражаюць палітычныя рэпрэсіі і жорсткае абыходжаньне, калі яго экстрадуюць у Беларусь», — заявіў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік ЭЗ Пэтэр Стана.

Асацыяцыя незалежных журналістаў Сэрбіі (NUNS) заклікала вызваліць Гнёта і ануляваць рашэньне аб ягонай экстрадыцыі. У Асацыяцыі лічаць, што абвінавачаньні супраць Гнёта «вельмі сумнеўныя», і ёсьць асьцярогі, што Гнёт зазнае бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньні ў турме ў Беларусі.

Перасьлед Андрэя Гнёта

  • Андрэя Гнёта арыштавалі ўлады Сэрбіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён быў у Бялградзе пад вартай.
  • Гнёт ня ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сэрбію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасьля ўдзелу ў пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • У Беларусі Андрэя Гнёта вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Сам Гнёт гэта адмаўляе, лічачы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перасьледуе яго за палітычную дзейнасьць.
  • У сьнежні 2023 году суд першай інстанцыі ў Сэрбіі ўхваліў дэпартацыю Гнёта ў Беларусь, але 12 сакавіка 2024 году Апэляцыйны суд у Бялградзе адмяніў рашэньне і адправіў справу на перагляд.
  • У канцы лютага Інтэрпол заблякаваў зьвесткі Гнёта, пачаўшы праверку падставаў, паводле якіх беларускія ўлады абвясьцілі яго ў вышук.
  • Пазасудовая калегія ў Бялградзе падчас паседжаньняў 26 сакавіка і 1 красавіка разгледзела справу аб экстрадыцыі Андрэя Гнёта. Яго пакінулі пад вартай да вынясеньня рашэньня суду.
  • Калі Андрэй Гнёт быў пад вартай у цэнтральнай турме ў Бялградзе стан ягонага здароўя значна пагоршыўся. У лісьце ад 11 траўня 2024 году Гнёт пісаў, што ягоная левая ступня часткова паралізаваная з красавіка і ён не атрымлівае належнай мэдычнай дапамогі.
  • 6 чэрвеня яго перавялі пад хатні арышт да вынясеньня рашэньня суду.
  • 13 чэрвеня стала вядома, што Вышэйшы суд Бялграда пастанавіў экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Паводле суду, Гнёт не сутыкаўся з нэгатыўнымі наступствамі ад сваёй палітычнай дзейнасьці, а праблемы ўзьніклі ў ягоных сяброў, і «яго меркаваньне наконт таго, што ён у будучыні зазнае перасьлед у Беларусі ў выпадку ягонай экстрадыцыі, грунтуецца толькі на гіпотэзе, якая не падмацаваная ніякім асабістым досьведам».
  • Адвакаты Гнёта падалі апэляцыю на рашэньне суда, пакуль ён застаецца пад хатнім арыштам.
  • Рэжысэр Андрэй Гнёт — адзін з стваральнікаў Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў SOS BY.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG