Для беларускага рэжысэра і апазыцыйнага актывіста Андрэя Гнёта парог яго невялікай кватэры ў бялградзкім раёне Врачар – мяжа, якую нельга пераступаць. З электронным бранзалетам на назе, пад хатнім арыштам на плошчы крыху больш за дваццаць квадратных мэтраў, ён чакае канчатковага рашэньня Сэрбіі наконт сваёй экстрадыцыі ў Беларусь.
«З раніцы да ночы я працую над сваёй абаронай», – сказаў 42-гадовы Гнёт у інтэрвію балканскай службе Радыё Свабода/Свабодная Эўропа (РСЭ).
Гнёта арыштавалі 30 кастрычніка 2023 году ў аэрапорце Бялграду па ордэры Інтэрпола, выдадзенаму афіцыйным Менскам за меркаванае ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Ён прыбыў у Сэрбію з Тайлянду, куды ўцёк зь Беларусі праз Маскву. Андржй Гнёт правёў сем месяцаў у Цэнтральнай турме Бялграду, перш чым 5 чэрвеня быў пераведзены пад хатні арышт. 13 чэрвеня ён атрымаў вестку аб тым, што Вышэйшы суд у Бялградзе вынес рашэньне першай інстанцыі аб яго экстрадыцыі ў Беларусь.
Гнёт і яго адвакаты заявілі, што пададуць апэляцыю. Ён абвяргае абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у Беларусі, якія ўказваюцца як прычына для ягонага вышуку, і лічыць іх палітычна матываванымі, бо ўдзельнічаў у масавых пратэстах 2020 году.
«Я быў у шоку на працягу першых некалькіх сэкунд», – успамінае Гнёт сваю рэакцыю на рашэньне першай інстанцыі аб яго экстрадыцыі ў Беларусь.
Абвінавачаньне і суды
Вышэйшы суд Бялграду заяўляе, што юрыдычныя патрабаваньні для экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь былі выкананыя. Судзьдзі спасылаюцца на пагадненьне аб экстрадыцыі паміж Сэрбіяй і Беларусьсю ад 2019 году і матэрыялы, прадстаўленыя беларускімі ўладамі, дзе гаворыцца, што беларускія судовыя органы шукаюць Гнёта «за крымінальнае злачынства па ўхіленьні ад выплаты падаткаў» на суму каля 300 000 эўра.
Беларускія ўлады сьцьвярджаюць, што Гнёт унёс ілжывыя дадзеныя ў падатковую дэклярацыю з мэтай памяншэньня падатку, «што нанесла шкоду» Беларусі «ў асабліва буйных памерах». Гнёт называе гэтыя абвінавачваньні «ілжывымі», заяўляючы, што гэта «сыстэмны мэханізм перасьледу» палітычных апанэнтаў менскім рэжымам.
Вышэйшы суд ужо аднойчы, у сьнежні 2023 году, вынес рашэньне першай інстанцыі аб экстрадыцыі Гнёта ў Беларусь. Апэляцыйны суд вярнуў рашэньне на перагляд у лютым з прычыны «ня поўнасьцю ўстаноўленых фактаў і істотных парушэньняў крымінальна-працэсуальных норм».
Адвакаты Гнёт абскарджваюць апошняе рашэньне першай інстанцыі.
Хатні арышт
Чакаючы выніку сваёй справы пад хатнім арыштам, ён кажа, што адчувае сябе добра. Бо ягоныя дні зусім не падобныя на турэмную камэру, у якой знаходзіўся з канца кастрычніка па пачатак чэрвеня.
Паводле закону, сэрбскія ўлады на падставе рашэньня аб экстрадыцыі, могуць прызначыць узяцьце пад варту на тэрмін да аднаго года. Пад хатнім арыштам, Гнёт мае зносіны зь сям'ёй і прымае наведвальнікаў у здымнай кватэры, знойдзенай з дапамогай адвакатаў.
Ён не расстаецца з ноўтбукам і мабільным тэлефонам. «Я маю зносіны з журналістамі, праваабарончымі арганізацыямі, амбасадарамі, палітычнымі актывістамі. Я ратую сваё жыцьцё», – гаворыць ён.
Ліст да Ціханоўскай
У дзень візыту журналістаў балканскай рэдакцыі Свабоды, 14 чэрвеня, Гнёт кажа, што ўпершыню паразмаўляў зь лідэркай беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай.
«Мы казалі пра нейкія чалавечыя рэчы. Не пра палітыку, не пра маю справу. А пра тое, як я сябе адчуваю, пра маё здароўе. Мы размаўлялі як сябры. Гэта дало мне шмат энэргіі», – распавядае ён.
Знаходзячыся ў турме, Гнёт даслаў ліст Ціханоўскай. «Я напісаў ёй, што бачу ў ёй чалавека. Не прэзыдэнта ці чальца дзяржаўнага апарата. Яна для мяне найперш чалавек. Таму што калі ты прэзыдэнт, а не чалавек, ты Лукашэнка», – гаворыць ён.
Па словах Андрэя Гнёта, Ціханоўская адказала на яго ліст «асабістай абаронай яго справы». «І гэта быў самы важны адказ для мяне», – падкрэсьлівае ён.
Прагулкі з электронным бранзалетам
Згодна з правіламі хатняга арышту, Гнёту належыцца адна гадзіна дзённых прагулак.
«Я праводжу гэтую гадзіну ў супэрмаркеце, дзе купляю ежау, у аптэцы, куды йду па нейкія таблеткі, вітаміны – па нейкія вельмі простыя рэчы. Ведаеце, у звычайным жыцьці вы ніколі пра гэта ня думаеце, не зьвяртаеце ўвагі на гэтыя паўсядзённыя справы, успрымаеце іх як належнае, – пералічвае ён. – Але калі вы знаходзіцеся ў маёй сытуацыі, вы як дзіця, які спрабуе зрабіць першы крок».
У пакоі на паліцы стаіць прылада, падлучаная да датчыка на лытцы, які адсочвае яго рухі. «Я рухаюся, можа, на 500 мэтраў налева, на 500 мэтраў направа. І ўсё. Я буду ведаць гэты раён вельмі добра», – сьмяецца ён.
Турма
У турме ён правёў сем месяцаў і шэсьць дзён. «Гэта было падобна на пекла. Але не таму, што нехта дрэнна са мной абыходзіўся, караў ці праяўляў непавагу ў турме. Гэта было ня так. А пекла, таму што ў цябе ўвогуле няма свабоды. Ты сядзіш у камэры, як птушка ў клетцы», – апісвае Гнёт.
Акрамя сустрэч з адвакатамі, зьняволеных могуць наведваць члены сямʼі. «Але ў мяне нікога няма ў Бялградзе, таму ніхто не можа мяне наведваць. Сапраўдныя злачынцы адсюль маглі прымаць наведвальнікаў, а я не», – кажа Гнёт. У цэнтральнай турме Бялграда ён атрымліваў лісты падтрымкі ад сяброў, але таксама і ад мноства незнаёмых людзей. Ён захоўвае іх, як і тыя, якія зьбіраўся адправіць дадому ў Беларусь. Яго бацькі знаходзяцца ў Беларусі, а сястра – у Партугаліі.
Зносіны ў турме былі складанымі: «Мы размаўлялі на сумесі ўсіх моваў, якія я ведаю. Беларуская, руская, ангельская, крыху сэрбская і, так, мова рук, ног, грымас. Гэта было складана, але і пацешна», – апісвае ён.
За час, праведзены ў турме, ён прачытаў пятнаццаць кніг на расейскай і ангельскай мовах. »А адну кнігу я прачытаў тройчы – «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава», – успамінае Андрэй.
Арышт
Згадваючы момант свайго арышту ў аэрапорце Бялграда, Гнёт распавядае журналістам, што ня ведаў пра ордэр Інтэрпола, выдадзены Беларусьсю на яго. Ён прыбыў у Сэрбію рэйсам з Бангкоку.
«Я не дурны, я ўсьведамляю небясьпеку, якая паходзіць ад (беларускай) дыктатуры. Калі б я ведаў, што знаходжуся ў чырвоным апавяшчэньні Інтэрпола ці ў нечым падобным, вядома, я б ніколі не падвергнуў сваё жыцьцё такой вялікай рызыцы», – кажа ён.
Гнёт кажа, што да 30 кастрычніка, калі яго арыштавалі ў аэрапорце, ён бываў у Бялградзе раней. За два месяцы да гэтага ён здымаў рэкляму ў Сэрбіі.
«Пасьля гэтага вельмі пасьпяховага праекту я сказаў прадусарам і здымачнай групе, што Сэрбія – выдатная краіна для здымак і што мы павінны вярнуцца. У нас было тры варыянты для здымак – Грузія, Турэччына і Сэрбія. Здаецца, я абраў ня тую краіну», – успамінае ён.
Сэрбія падтрымлівае добрыя адносіны зь Беларусьсю на працягу многіх гадоў, што найперш выяўляецца ў ваенным супрацоўніцтве і ўдзячнасьці Менску за непрызнаньне Косава. У 2019 годзе прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандр Вучыч назваў Лукашэнку вялікім сябрам Сэрбіі, а Сэрбія выбарачна выконвала санкцыі ЭЗ супраць Беларусі.
Інтэрпол
У сваім цяперашнім статусе рэжысэр і апазыцыянэр найперш вінаваціць міжнародную паліцэйскую арганізацыю Інтэрпол, якая ахоплівае 195 краін.
«Я ніколі не чакаў, што нехта зьмесьціць мяне ў чырвоны сьпіс Інтэрпола за гэта ілжывае абвінавачваньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Гэта сапраўды неверагодна», – падкрэсьлівае ён. Гнёт нагадвае, як беларускія няўрадавыя арганізацыі і апазыцыя папярэджваюць, што ўлады ініцыююць ілжывыя крымінальныя справы аб ухіленьні ад выплаты падаткаў і іншых эканамічных злачынствах, паколькі міжнародныя арганізацыі, такія як Інтэрпол, не супрацоўнічаюць зь Менскам у выпадках запытаў на арышт палітычных дысыдэнтаў, якія ўцяклі з краіны.
Раней Інтэрпол адказаў RFE/RL, што арганізацыя старанна разглядае ўсе запыты, каб перадухіліць злоўжываньні. Як пазначана ў рашэньні Вышэйшага суду ў Бялградзе, ордэр, выдадзены Менскам у дачыненьні да Гнёта, знаходзіцца на разглядзе Генэральнага сакратарыяту Інтэрпола ў Ліёне.
Асацыяцыя незалежных журналістаў Сэрбіі заклікала вызваліць Гнёта, зьвярнуўшыся ў суд, а таксама да міністра юстыцыі Маі Паповіч з просьбай «выратаваць яго».
Гнёт адзначае, што ён супрацоўнічаў са шматлікімі беларускімі СМІ, якія цяпер абвешчаныя «экстрэмісцкімі арганізацыямі», а таксама падкрэсьлівае, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць закон аб «дыскрэдытацыі» дзяржавы супраць палітычных іншадумцаў.
Адʼезд зь Менску
Ён кажа, што паваротны момант наступіў у чэрвені 2021 году, калі ён знайшоў у сваёй паштовай скрыні позву з просьбай зьявіцца да сьледчых «у якасьці сьведкі» па неназванай справе – без дадатковай інфармацыі аб тым, што ў ёй было. Кажа, што тэлефанаваў адвакатам: «Абодва сказалі мне, што мне тэрмінова трэба купіць білет і зьехаць», – успамінае ён.
Першым прыпынкам Андрэя Гнёта была Масква. «Я ня мог нікуды паехаць у Эўразьвяз, таму што ў мяне не было шэнгенскай візы. Гэта вялікая праблема для беларусаў; яе практычна немагчыма атрымаць», – сьцьвярджае рэжысэр.
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году ён зразумеў, што не можа заставацца і ў Маскве і эміграваў у Тайлянд.
Міжнародная падтрымка
За судовым працэсам у Сэрбіі сочаць у Эўрапейскім зьвязе. Андрэя Гнёта падтрымліваюць, як ён кажа, дэмакратычныя беларускія лідэры на выгнаньні, міжнародныя журналісцкія асацыяцыі і актывісты ў правах чалавека, спартовая арганізацыя SOS-BY і беларускія спартоўцы. Гнёт кажа, што ўваходзіў у «Свабодную асацыяцыю спартоўцаў» (SOS BY), заснаваную у жніўні 2020 году.
Эўразьвяз заклікае вызваліць Андрэя Гнета, якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь. «Ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што ордэр на арышт спадара Гнёта быў матываваны палітычнымі прычынамі і што яму пагражаюць палітычныя рэпрэсіі і жорсткае абыходжаньне, калі яго экстрадуюць у Беларусь», — заявіў Радыё Свабода афіцыйны прадстаўнік ЭЗ Пэтэр Стана.
- Паводле дадзеных «Рэпарцёраў бязь межаў», цяпер на выгнаньні жывуць каля 500 беларускіх журналістаў, а 35 знаходзяцца ў турмах.
Форум