Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАК Беларусі скрытыкаваў рашэньне МАК пра нядопуск некаторых беларускіх атлетаў да Алімпіяды


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі выступіў з заявай. Камісію Міжнароднага алімпійскага камітэту ў заяве акрэсьлілі «так званай».

НАК Беларусі, які ўзначальвае старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, выказаў «зьдзіўленьне» з нагоды складу спартоўцаў, дапушчаных да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы.

«Неразуменьне і абурэньне выклікаюць непразрыстыя падыходы і высновы так званай камісіі [МАК] па праверцы нэўтральнага статусу спартоўца для допуску да Гульняў. Зь невытлумачальных прычын не дапушчаныя да ўдзелу тыя атлеты, якія пасьпяхова прайшлі праверкі, удзельнічалі ў кваліфікацыйных спаборніцтвах і змаглі заваяваць ліцэнзіі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Падкрэсьліваецца, што апублікаваныя МАК сьпісы ўдзельнікаў Алімпіяды не канчатковыя, бо ў іх прадстаўленыя ня ўсе віды спорту. Акрамя гэтага, названыя прозьвішчы «не зацьверджаныя беларускім бокам афіцыйна».

«НАК Беларусі працягне перамовы з МАК і будзе змагацца індывідуальна за кожнага спартоўца — за яго права выступіць на Гульнях, — адзначаецца ў заяве. — Канчатковае рашэньне аб тым, хто паедзе на Алімпіяду, будзе прынята НАК сумесна з фэдэрацыямі ў відах спорту, а таксама спартоўцамі».

Пры гэтым, удакладнілі ў арганізацыі, «адзін з асноўных аб’ектыўных прынцыпаў: павінны выступаць толькі тыя, хто змог заваяваць ліцэнзію на Гульні ў жорсткіх, абмежаваных і дыскрымінацыйных умовах, якія склаліся ў сусьветным спорце на сёньня».

15 чэрвеня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) паведаміў пра допуск да Алімпіяды 11 беларускіх атлетаў, яны выступяць у нэўтральным статусе.

Кандыдатуры ўхваленыя нэўтральнай групай па праверцы адпаведнасьці спартоўцаў кваліфікацыйным патрабаваньням (AINERP), якую МАК заснаваў у сакавіку сёлета.

Да спаборніцтваў у шашэйных велагонках дапушчаная Ганна Церах, скачках на батуце — Віялета Бардзілоўская і Іван Літвіновіч, цяжкай атлетыцы — Сюзанна Валадзько і Яўген Ціханцоў, вольным дужаньні — Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Абубакар Хаслаханаў, Дзьмітры Зарубскі, Віялета Рэбікава, Крысьціна Сазыкіна.

МАК падкрэсьліў, што сьпіс не канчатковы. Ён будзе абнаўляцца па меры прыняцьця рашэньняў AINERP.

У зацьверджаным МАК сьпісе не аказалася наймацнейшых і тытулаваных атлетаў, якія раней заваявалі алімпійскія ліцэнзіі. Там адсутнічаюць Магамедхабіб Кадымагамедаў, Аляксандар Гуштын, Павал Глінчук, Вераніка Іванова, Ванэса Каладзінская.

Спартовы партал by.tribuna.com раней зьвярнуў увагу на прыналежнасьць Глінчук і Івановай да спорткамітэту Міністэрства абароны, Кадымагамедава і Каладзінскай — да таварыства «Дынама», якое знаходзіцца пад апекай МУС. Гуштын у 2019 годзе ўдзельнічаў ва Ўсясьветных вайсковых гульнях.

Раней НАК Беларусі заяўляў, што ліцэнзіі на выступленьне на Алімпійскіх гульнях у Парыжы заваявалі 30 спартоўцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG