Сьвятлана Ціханоўская расказала беларусам ЗША пра мэты свайго візыту ў ЗША: вяртаньне ўвагі да Беларусі, падтрымка незалежных мэдыя і рэпрэсаваных, падрыхтоўка да Саміту міру ў Швайцарыі, саміту NATO і Генасамблеі ААН, а таксама лабіяваньне прыняцьця Кангрэсам ЗША Акту аб дэмакратыі ў Беларусі і вырашэньне праблем беларусаў у Амэрыцы.
Як паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай, яна таксама адзначыла важнасьць захаваньня пасьлядоўнай пазыцыі адносна нелегітымнасьці Лукашэнкі і вызваленьня палітвязьняў, падтрымкі беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне і салідарнасьці з палітвязьнямі і іх сем’ямі.
Ціханоўская падкрэсьліла, што падчас сустрэч выступае за выдачу амэрыканскіх візаў на больш доўгі тэрмін (да 3 ці 5 гадоў), выдачу беларусам статусу часовай абароны ці прытулку, спрашчэньне працэдураў легалізацыі дакумэнтаў для беларусаў у ЗША і па ўсім сьвеце. Разам з тым, паводле Ціханоўскай, беларуская дыяспара павінна праяўляць актыўнасьць на месцах, пісаць лісты палітыкам і чыноўнікам і самаарганізоўвацца.
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту падзякавала беларусам ЗША за актыўную грамадзкую і культурную працу, арганізацыю мітынгаў і беларускіх імпрэз, таксама падзякавала за ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду.
Падчас сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская таксама падкрэсьліла прыярытэты сваёй каманды: захаваньне незалежнасьці і суб'ектнасьці Беларусі, вызваленьне палітвязьняў, эфэктыўны ціск на рэжым, падтрымка рэпрэсаваных і вырашэньне праблемаў беларусаў за мяжой. Яна таксама адзначыла важнасьць умацаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці і падтрымкі беларускай культуры.
Форум