Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыманы Opel у Беларусі амаль удвая даражэйшы, чым у Літве. Колькі каштуюць аўто з прабегам у Менску, Вільні і Варшаве


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Продаж новых аўто ў Беларусі так і ня выйшаў на даваенны ўзровень, нягледзячы на рост. Паглядзелі, што з рынкам.

З 4 чэрвеня зьмяніліся правілы вывазу легкавых аўтамабіляў зь Літвы ў Беларусь. Яны могуць істотна паўплываць на сытуацыю на рынку. Паглядзелі, колькі каштуюць машыны ў Беларусі і ў суседзяў.

Напрыклад, у Менску чатырохгадовая Toyota Corolla XII каштуе 18 148 эўра. Гэта адносна новы варыянт на рынку патрыманых аўто.

У Вільні такую ж машыну знаходзім за 16 000 эўра. Таньней на 2148 эўра, або на 12%.

У Польшчы такую ж марку з падобным прабегам знаходзім за 16 683 эўра (17 610, калі купляць за наяўныя).

Skoda Octavia 2020 году з прабегам у Менску гатовыя аддаць за 16 660 эўра.

У Літве падобную машыну можна набыць за 13 450 эўра — то бок на 3210 эўра або на 19% таньней.

У Польшчы Skoda Octavia 2020 году аддаюць за 14 574 эўра.

Лепш розьніца ў цане відаць на прыкладзе старэйшых аўто з большымі прабегамі. У Беларусі Opel Astra 2010 году з прабегам 236 тысяч кілямэтраў прадаюць за 7911 эўра.

У Літве такую ж мадэль, але на 2 гады навейшую, можна набыць ужо за 4290 эўра. Гэта ў 1,8 раза таньней.

Набыць Opel Astra 2010 году ў Польшчы будзе каштаваць крыху даражэй, чым у Літве, — 4634 эўра.

Аўтарынак у Магілёве, архіўнае фота
Аўтарынак у Магілёве, архіўнае фота

Значна даражэйшыя ў Беларусі і патрыманыя аўтамабілі прэміяльных марак. Напрыклад, BMW 3 сэрыі 2013 году ў Менску можна набыць за 17 218 эўра.

У Літве тая ж мадэль падобнага ўзросту абыдзецца ў 12 700 эўра. І гэта будзе варыянт зь меншым прабегам.

У Польшчы набыць BMW 3 сэрыі 2013 году можна за 12 860 эўра.

Машыны да 1000 эўра

Набыць машыну не ў ідэальным стане, але на хаду, у ЭЗ можна нават таньней за 1000 эўра. Напрыклад, Citroen Xsara Picasso 2006 году ў Літве прадаюць за 800 эўра.

У Беларусі за гэтыя грошы можна набыць толькі эўрапейскія машыны 80–90-х гадоў і ў стане на запчасткі. Альбо савецкія «Жыгулі» 1990 году за 723 эўра.

Аўтарынак у Горадні, архіўнае фота
Аўтарынак у Горадні, архіўнае фота

«Ад сытуацыі з аўтарынкам прайграюць усе»

З пачатку вайны ва Ўкраіне беларускі аўтарынак у крызісе — новыя эўрапейскія машыны амаль не прадаюцца, а на рынку даступныя беларускія машыны кітайскага брэнду Geely, некаторыя іншыя брэнды з Кітаю і расейскія вытворцы.

Паводле апошняй статыстыкі Белстату за 2023 год, у Беларусі ўсе арганізацыі гандлю прадалі 11 531 новую машыну і 5772 патрыманыя. З 2021 году рынак так цалкам і не аднавіўся, бо тады прадалі 20 256 новых машын і 6963 патрыманыя.

Паводле экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, ад вышэйшых цэнаў і недаступнасьці новых эўрапейскіх машын у Беларусі ў пэрспэктыве прайграюць усе.

«Гэта сытуацыя, дзе прайграюць усе. У кароткім пэрыядзе гэта выгадна для Белджы, для іншых вытворцаў, у каго ёсьць доступ на беларускі рынак. У доўгай пэрспэктыве гэта штучная перавага з прычыны бар’ераў. Гэта не павышае стымул для вытворцы разьвівацца. Калі адбудуцца зьмены, то канкураваць з эўрапейскімі вытворцамі будзе складана», — мяркуе экспэрт.

Да частковага ажыўленьня рынку ў параўнаньні з 2022 годам (прадалі 7705 новых машын і 5949 старых) прычыніўся адкладзены попыт, бо людзі даўно плянавалі набываць аўто. Адыгралі сваю ролю і недарагія крэдыты пад машыны айчынных вытворцаў.

«Відавочна, ёсьць частка спажыўцоў, якія працягваюць езьдзіць на ранейшых машынах. Магчыма, яны б і набылі новую, але кітайскія і расейскія вытворцы іх не задавальняюць. Гэта недахоп выбару», — мяркуе Анатоль Харытончык.

Згодна з статыстыкай Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, за студзень-красавік гэтага году ў Беларусі прадалі 11 366 новых машын. Гэта на 162% вышэй, чым за такі ж пэрыяд летась. Доля беларускага вытворцы BelGee — 54,8%. Летась было 78,7%. Падзеньне гэтага адсотка, паводле асацыяцыі, зьвязанае з пашырэньнем на рынку долі расейскіх аўто і імпарту з-за межаў ЭАЭС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG