Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лістападзе доля кітайскіх марак у продажы новых аўтамабіляў у Беларусі перавысіла 84%


Аўтамабіль, ілюстрацыйнае фота
Аўтамабіль, ілюстрацыйнае фота

У лістападзе сябры Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) рэалізавалі 2689 легкавых і 368 лёгкіх камэрцыйных аўтамабіляў, гэта рэкордны штомесячны паказьнік продажаў сёлета.

Гэта вынікае з інфармацыі дырэктара БАА Сяргея Варыводы, піша «Позірк».

Рынак новых легкавых аўтамабіляў у лістападзе вырас да адпаведнага леташняга пэрыяду на 340%, аднак агулам тэмп аднаўленьня рынку легкавых аўтамабіляў за студзень–лістапад 2023 году склаў 140%, што «сьведчыць аб запаволеньні тэмпу аднаўленчай дынамікі».

Адчувальную падтрымку попыту надае рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва і камфортнае аўтакрэдытаваньне спажыўцоў, лічыць Варывода. Пры гэтым прапанова ў дылерскіх аўтасалёнах пашыраецца пры захаваньні адносна стабільных цэнаў: калі ў пачатку году аўтадылеры паведамлялі аб 35 мадэлях новых легкавых аўтамабіляў, то ў лістападзе ў шэрагу былі 75 мадэляў.

Дырэктар БАА адзначыў, што за мінулыя 11 месяцаў у чатыры разы вырасла рэалізацыя EV-аўтамабіляў, аднак гэта хутчэй наступства «эфэкту нізкай базы». Продажаў «зялёных» аўтамабіляў па-ранейшаму няшмат — 53 адзінкі ў лістападзе.

Доля легкавых аўтамабіляў кітайскіх марак у лістападзе перавысіла 84%, пры гэтым 70% дылерскіх продажаў забясьпечылі легкавыя аўтамабілі з канвэеру СЗАТ «БелДжы».

Увосень пачаўся продаж аўтамабіляў кітайскіх вытворцаў Hongqi (уваходзіць у канцэрн FAW Group) і Haval (Great Wall Motors). Анансавана зьяўленьне на рынку прадукцыі кампаніі Dongfeng Motors.

7 чэрвеня міністэрства прамысловасьці паведаміла, што «БелДжы» плянуе ў 2023 годзе рэалізаваць на ўнутраным рынку 9,5 тыс. аўтамабіляў — у 2,2 раза больш у параўнаньні з 2022-м (4355).

У 2022 годзе, сьведчаць зьвесткі БАА, дылеры прадалі 14 843 легкавыя аўтамабілі. У лідэрах Geely (4355), Lada (3782) і Kia (1462).

У 2021 годзе ў Беларусі прадалі 46 837 легкавых аўтамабіляў, у 2020-м — 53 537, 2019-м — 64 504.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG