Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладны саюз пісьменьнікаў падтрымаў ідэю выдаць збор твораў Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (СПБ) Аляксандар Карлюкевіч падтрымаў ідэю выдаць выбраныя творы Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

З такой прапановай на прэс-канфэрэнцыі 11 чэрвеня ў Менску выступіў Валер Шумілаў, які назваўся «навуковым публіцыстам». На яго думку, Лукашэнку, «улічваючы публіцыстычную дзейнасьць», неабходна прыняць у СПБ.

«Да гэтага пытаньня трэба ўмела падысьці, — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ганаровы старшыня СПБ Мікалай Чаргінец. — Трэба, каб у адміністрацыі прэзыдэнта яму падалі гэтую ідэю, сказалі: Аляксандар Рыгоравіч, бярыцеся за кнігі — яны вельмі патрэбныя народу».

Паводле Чаргінца, СПБ «будзе рады» падтрымаць Лукашэнку ў гэтым.

Падводзячы вынік дыскусіі, Карлюкевіч адзначыў, што «многія-многія творы [Лукашенкі — рэд.] вартыя зьбіраньня ў кнігу, і яны будуць першакрыніцай для многіх сьпікераў, якія часам недарэчна яго пераказваюць». «Таму гэта выдатная прапанова», — падсумаваў кіраўнік СПБ.

  • 8 чэрвеня Лукашэнка павіншаваў СПБ з 90-годзьдзем з дня заснаваньня Саюзу пісьменьнікаў БССР, хоць праўладная арганізацыя мае да апошняга апасродкаванае дачыненьне.
  • У 1991 годзе савецкае аб'яднаньне пераўтварылі ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Саюз актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім і культурным жыцьці Беларусі, садзейнічаў распаўсюджваньню беларускай мовы і літаратуры. Збольшага не падтрымліваў палітыку рэжыму Лукашэнкі, таму сутыкнуўся зь ціскам з боку ўладаў. У 1997 годзе ў арганізацыі забралі Дом літаратара.
  • У 2005 годзе група літаратараў на чале зь Мікалаем Чаргінцом, празаікам зь міліцэйскім мінулым, адкалолася ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і заснавала ляяльны да ўлады СПБ. Гэтай арганізацыі рэжым Лукашэнкі перадаў Дом літаратара і пачаў усяляк яе падтрымліваць.
  • У 2020 годзе Саюз беларускіх пісьменьнікаў адкрыта асудзіў фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў і гвалт з боку сілавікоў у дачыненьні да пратэстоўцаў, заклікаў рэжым Лукашэнкі прызнаць сваю паразу і прыняць волю народу. СПБ чакана стаў на бок рэжыму Лукашэнкі.
  • Улетку 2021 году ў офісе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прайшоў ператрус. СК забраў тэхніку і інфармацыйныя носьбіты, апячатаў памяшканьне. Міністэрства юстыцыі з фармальных прычын вынесла аб’яднаньню некалькі папярэджаньняў, на падставе якіх Вярхоўны суд яго ліквідаваў. Праз ганеньні на радзіме многія літаратары апынуліся ў эміграцыі.
  • У 2022 годзе Лукашэнка даў Мікалаю Чаргінцу званьне народнага пісьменьніка Беларусі. Упершыню ў гісторыі краіны гэты статус атрымаў аўтар, які не напісаў ніводнай кнігі на беларускай мове.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG