Грамадзянін Беларусі Яраслаў Новікаў, якога затрымалі ў пачатку году ў Армэніі пры перасячэньні мяжы з Грузіяй у межах міждзяржаўнага вышуку СНД праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад службы ў войску, атрымаў статус уцекача ў Армэніі.
«Толькі што Яраслаў атрымаў статус уцекача, крыху пазьней ён будзе ўжо на волі», — паведаміў Свабодзе праўнік Хэльсынскай асацыяцыі Армэніі Араік Папік’ян, які прадстаўляе інтарэсы Яраслава Новікава.
Пад вечар стала вядома, што Новікава сапраўды выпусьцілі на волю.
Што папярэднічала
Грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава затрымалі 2 лютага ў Армэніі пры перасячэньні мяжы з Грузіяй, калі высьветлілася, што ўлады Беларусі абвясьцілі яго міждзяржаўны вышук у СНД праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад службы ў войску. Раней яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай.
Яраслаў Новікаў плянаваў пераехаць з Грузіі ў Баўгарыю, але не атрымаў візы. Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Ён адправіўся падаць дакумэнты на візу ў суседнюю Армэнію.
Суд Армэніі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасьля атрыманьня адпаведных дакумэнтаў зь Менску.
У часе знаходжаньня ў ізалятары беларус падаў у міграцыйную службы Армэніі заяву на атрыманьне статусу ўцекача і палітычнага прытулку.
Па статус уцекача ў Армэніі ў сакавіку 2024 году зьвярнуўся яшчэ адзін беларус — Максім Вайткявічус, якога на пачатку лютага затрымалі на армянскай мяжы, а затым зьмясьцілі пад варту.
Што вядома пра ранейшыя аналягічныя выпадкі
Вядома пра некалькі выпадкаў затрыманьня грамадзян Беларусі ў Армэніі ў 2022 і 2023 гадах. Усе затрыманьні адбываліся на мяжы, калі беларусы спрабавалі «абнуліць» тэрмін знаходжаньня ў Грузіі, часова выехаўшы ў Армэнію.
У студзені 2023 году Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што Армэнія перадала затрыманага на сваёй тэрыторыі грамадзяніна Беларусі, які, паводле вэрсіі сьледчых, ухіляўся ад службы ў войску, хоць пачаткова яго абвінавацілі ў растраце вялікіх памераў.
Пазьней стала вядома, што ў Армэніі з пачатку году затрымалі чатырох грамадзян Беларусі, якіх Беларусь абвясьціла ў міждзяржаўны вышук у СНД. Усіх іх зьмясьцілі ў ізалятар горада Ванадзор.
Форум