У камандаваньні Сухапутных войскаў Украіны паведамілі аб правядзеньні да 13 чэрвеня камандна-штабных вучэньняў з вайсковымі падразьдзеламі групоўкі сіл і сродкаў абароны Кіева і Кіеўскай вобласьці.
«Мэта вучэньня — адпрацаваньне баявых і спэцыяльных задач абарончай апэрацыі ва ўмовах выкарыстаньня праціўнікам усяго спэктру наступальнага ўзбраеньня і дзеяньняў варожых дывэрсійна-выведных груп», — адзначаецца ў паведамленьні.
У вучэньнях удзельнічаюць асабовы склад, вайсковая тэхніка і ўзбраеньне ўсіх наземных, рачных, супрацьпаветраных і супрацьдывэрсійных падразьдзелаў.
Расейскія войскі ў пачатку траўня пачалі наступ на Харкаўскую вобласьць. Цягам 9–15 траўня расейцы акупавалі 278 квадратных кілямэтраў, што стала іхным найбольшым посьпехам з канца 2022 году, падлічыла AFP з выкарыстаньнем зьвестак Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).
Пазьней кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што пасьля Харкаўшчыны расейскія войскі пачнуць наступ з поўначы на Сумскую вобласьць.
Кіеўская вобласьць мяжуе зь Беларусьсю. 24 лютага 2022 году расейскія войскі ажыцьцявілі напад на Сумскую, Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці зь беларускай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году расейцы вымушаныя былі выйсьці за межы Ўкраіны ў гэтых рэгіёнах, але з таго часу яны не спыняюць абстрэлаў памежнай тэрыторыі ў Сумскай і Чарнігаўскай абласьцях.
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Форум