Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На плянэце засталося ня так шмат сталіц, куды Пуцін можа выбрацца зь візытам», — аналітык Аркадзь Мошэс


Менск, 24 траўня 2024 году.
Менск, 24 траўня 2024 году.

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс адказвае на пытаньне, чаму для Лукашэнкі важны прыезд Пуціна ў Менск, аналізуе асноўныя праблемы ў беларуска-расейскіх дачыненьнях і заяўляе, што Менск будзе прасіць (і, відаць, атрымае) ад Крамля яшчэ больш эканамічнай дапамогі.

Сьцісла:

  • Падчас візыту ў Кітай Пуцін не атрымаў належнага прыёму паводле вышэйшых стандартаў этыкету.
  • Менск — тое месца, дзе Пуцін можа атрымаць пэўную псыхалягічную разгрузку.
  • Вучэньні зь ядзернай зброяй — крок, якім Пуцін так ці інакш падвышае фармальны статус рэжыму Лукашэнкі.
  • У наступным годзе ў Лукашэнкі выбары. Таму ён будзе патрабаваць большыя аб’ёмы расейскай эканамічнай дапамогі
  • Лукашэнку важна падтрымліваць карцінку, што з Пуціным у яго беспраблемныя адносіны, што Пуцін на яго разьлічвае.

— У Крамля была такая традыцыя, што адразу пасьля абраньня расейскі прэзыдэнт першы візыт ажыцьцяўляў у Беларусь. Аднак гэтым разам свой першы візыт пасьля пераабраньня Пуцін нанёс у Кітай. І вось цяпер ён прыехаў у Менск, што робіць ня часта, у сярэднім раз на год. Ці можна сказаць, што гэтым падкрэсьліваецца роля Беларусі як важнага саюзьніка (але, зразумела, не такога важнага, як Кітай)?

— Так, я мяркую, гэта прызнаньне важнасьці Беларусі для Крамля. Бо насамрэч у Расеі больш няма настолькі верных саюзьнікаў.

Падчас візыту ў Кітай Пуцін не атрымаў належнага прыёму паводле вышэйшых стандартаў этыкету. У яго былі кароткія сустрэчы зь Сі Цзіньпінам, а на другі дзень, калі ён паехаў на поўнач, то ўвогуле сядзеў побач зь мясцовым губэрнатарам. У маім разуменьні пратаколу Пуцін атрымаў вельмі двухсэнсоўны прыём.

Таму яму важна было прыехаць у Беларусь, дзе яго дакладна прымаюць паводле найвышэйшага разраду. Менск — гэта месца, дзе Пуцін можа атрымаць пэўную псыхалягічную разрадку. Бо ў Кітай ён ехаў у якасьці малодшага партнэра свайго старэйшага кітайскага брата. Ну, а ў Беларусь Пуцін езьдзіць як старэйшы партнэр малодшага брата.

Традыцыя наведваць спачатку Беларусь была закладзеная яшчэ ў 2000 годзе, калі Пуцін адразу пасьля выбараў паехаў у Менск, адтуль — у Лёндан, а адтуль — у Кіеў. Тыя тры прыпынкі паказвалі ягоныя тагачасныя прыярытэты.

Але тады ў Пуціна быў выбар, яго былі гатовыя прыняць дзе заўгодна. Сёньня сытуацыя зусім іншая. У сьвеце ня так шмат сталіц, куды Пуцін можа выбрацца. Кудысьці ён ня можа паехаць, бо тыя дзяржавы — сябры Міжнароднага крымінальнага суду, які выдаў ордэр на яго арышт. Кудысьці яму самому ехаць не цікава.

Таму Менск і Пэкін — гэта два месцы, куды Пуціну прасьцей за ўсё паехаць.

— На момант запісу нашага інтэрвію мы пачулі пераважна агульныя словы пра эканоміку і ўзаемныя камплімэнты, якімі абменьваюцца Пуцін і Лукашэнка. А якія на сёньня галоўныя пытаньні, якія гэтыя кіраўнікі на самой справе маглі абмяркоўваць?

— Па-першае, правядзеньне вучэньняў зь ядзернай зброяй — гэта вельмі важная рэч. Вядома, можна лічыць гэта чарговай пужалкай, нагадваньнем, што Расея можа паказаць Захаду вялікі кулак. Але абʼектыўна гэта крок, якім Пуцін так ці іначай падвышае фармальны статус беларускага рэжыму. Практычнага значэньня гэта ня мае, але з палітычнага гледзішча тут для Менску сэнс ёсьць.

Эканамічныя праблемы існуюць, і абодвум кіраўнікам іх трэба абмяркоўваць. Бо субсыдыяваньне Масквой беларускай эканомікі працягваецца і нават расьце. І патрэбы беларускага рэжыму тут будуць толькі расьці. Па-першае, таму, што кумулятыўны эфэкт заходніх санкцыяў нарастае. Па-другое, у наступным годзе ў Лукашэнкі выбары. І да гэтых выбараў ён ня можа падвесьці краіну ў стане эканамічнага спаду. Таму будзе патрабаваць большых абʼёмаў расейскай эканамічнай дапамогі.

Маскве, у сваю чаргу, хочацца зразумець, як рухаць далей гэтую так званую інтэграцыю. І ў агульным кантэксьце пытаньне прасоўваньня агульных фінансаў, агульнай падатковай сыстэмы, празрыстасьці для расейцаў таго, што адбываецца ў беларускіх фінансах, — гэта даволі важна.

— А чаго ў адказ на фінансавую дапамогу патрабуе Масква ад Лукашэнкі? Ці хапае на сёньня таго, што Менск робіць для Расеі, ці ў Крамлі лічаць, што можна патрабаваць нечага большага?

— Не, я думаю, наўрад ці Расея будзе патрабаваць ад Лукашэнкі нечага большага. Усё, што менскі рэжым мог зрабіць, ён зрабіў. Што тычыцца непасрэднага ўдзелу беларускага войска ў ваенных дзеяньнях, то я ўсе гэтыя два гады казаў, што ня бачу ў гэтым ніякай неабходнасьці.

Беларускае войска надта малое, каб зьмяніць сытуацыю на фронце. А рызыкі, зьвязаныя з гэтым — ва ўмовах, калі ў краіне і, магчыма, у войску існуе кансэнсус, што непасрэдна ўдзельнічаць у вайне нельга, — былі б дастаткова высокія. Я думаю, гэта разумеюць і ў Маскве. І дзеля 15–20 тысяч беларускіх вайскоўцаў, ня самым лепшым чынам падрыхтаваных, ісьці на гэта ня будуць.

Што да эканомікі, то тут шмат будзе залежаць у тым ліку і ад таго, як будзе паводзіць сябе Захад з гледзішча нарошчваньня санкцыяў. Як падаецца, узровень санкцыяў у найбліжэйшы год будзе падвышацца, і таму Лукашэнка хоча гарантаваць сябе павелічэньне расейскай дапамогі.

— А чаго, у сваю чаргу, Лукашэнка можа прасіць (ці патрабаваць) ад Масквы? Акрамя фінансавай дапамогі, што яму яшчэ важна?

— Яму важна, што Пуцін усё ж прыехаў у Менск. Яму важна падтрымліваць карцінку, што з Пуціным у яго беспраблемныя адносіны, што Пуцін на яго разьлічвае.

За апошні год стала зразумела, што менскі рэжым губляе свае пазыцыі ў рэгіянальнай палітыцы. Ніхто ўжо ня кажа, што Беларусь можа выканаць хоць нейкую ролю ў якасьці пляцоўкі для мірных перамоваў. Спробы Лукашэнкі націснуць на Захад празь мігранцкі крызіс цалкам ігнаруюцца. Ігнаруюцца і заклікі Лукашэнкі пачаць дыялёг. Мэсыдж Захаду вельмі просты. Каб пачаліся хоць нейкія перамовы — неабходна вызваліць усіх палітзьняволеных.

Калі ўзяць стаўленьне да Лукашэнкі ў тым самым Кітаі, то там усё не зусім так, як гэта прадстаўляе беларуская афіцыйная прапаганда. Беларусь не была запрошаная на саміт «Пояс і шлях». Магчыма, што Масква гэтага не захацела, магчыма, у Крамлі не пажадалі, каб Лукашэнка і Пуцін ехалі ў Пэкін як роўныя. Таксама Беларусь адмовіліся запрашаць у BRICS.

Таму Лукашэнку вельмі важна, каб Пуцін прыехаў і тым самым прадэманстраваў сваю павагу.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG