Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўводзяць візавыя абмежаваньні супраць грузінскіх чыноўнікаў за прыняцьце закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву»


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Абмежаваньні закрануць асоб, якія прымалі законапраект аб «іншаземных агентах», а таксама тых, хто ўдзельнічаў ва ўжываньні гвалту да пратэстоўцаў. Акрамя таго, двухбаковае супрацоўніцтва паміж ЗША і Грузіяй можа быць перагледжана.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен абвясьціў аб новай палітыцы абмежаваньня візаў у дачыненьні да грузінскіх чыноўнікаў, якія прымалі законапраект «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», які справакаваў масавыя пратэсты ў краіне, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Як заявіў Блінкен, за апошнія некалькі месяцаў кіроўная партыя «Грузінская мара» распрацавала і прыняла закон, які будзе «душыць рэалізацыю свабоды абʼяднаньняў і выказваньня думак, стыгматызаваць арганізацыі, якія служаць грамадзянам Грузіі, і перашкаджаць працы незалежных СМІ».

«Паколькі грамадзяне Грузіі выказалі нязгоду з законам, мы ўбачылі відавочныя прыкметы кампаніі запалохваньня і ўжываньне гвалту для задушэньня іншадумства», — заявіў Блінкен.

Паводле яго, і сам закон, і рэпрэсіўная тактыка, якая выкарыстоўваецца для задушэньня пратэсту, падрываюць дэмакратыю Грузіі і асноўныя свабоды, на якія мае права грузінскі народ, і супярэчаць даўно заяўленай мэце Грузіі, адлюстраванай у яе канстытуцыі — эўраатлянтычнага супрацоўніцтва і стратэгічнага партнэрства з ЗША.

У адказ на гэтыя дзеяньні Дзяржаўны дэпартамэнт уводзіць новую палітыку абмежаваньня візаў для Грузіі, якая будзе прымяняцца да асобаў, адказных за падрыў дэмакратыі, прыгнечаньне мірнага пратэсту, а таксама да іх сямейнікаў.

Як падсумаваў Блінкен, любому, хто падрывае дэмакратычныя працэсы або інстытуты ў Грузіі — у тым ліку напярэдадні, падчас і пасьля выбараў у кастрычніку 2024 года — будзе адмоўлена ў атрыманьні амэрыканскіх візаў і праве на паездку ў Злучаныя Штаты.
Акрамя таго, паводле Блінкена, двухбаковае супрацоўніцтва паміж Злучанымі Штатамі і Грузіяй можа быць перагледжана.

«Мы па-ранейшаму спадзяёмся, што ўлады Грузіі перагледзяць законапраект і прымуць крокі для прасоўваньня наперад у рэалізацыі дэмакратычных і эўраатлантычных памкненьняў. Разглядаючы адносіны паміж нашымі дзьвюма краінамі, мы будзем прымаць да ўвагі дзеяньні Грузіі пры прыняцьці ўласных рашэньняў», — дадаў Блінкен.

Закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», які крытыкі лічаць аналягам расейскага рэпрэсіўнага закону аб «іншаземных агентах», быў прыняты 14 траўня па ініцыятыве кіроўнай «Грузінскай мары».

Гэты дакумэнт абавязвае арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20% фінансаваньня з-за мяжы, рэгістравацца ў якасьці агентаў замежнага ўплыву.

«Грузінская мара» сьцьвярджае, што мэта закону — забясьпечыць максымальную празрыстасьць. У той жа час апанэнты ўладаў заяўляюць, што партыя ўлады будзе выкарыстоўваць закон для задушэньня непажаданай ёй крытыкі, якая зыходзіць ад СМІ і НДА, як гэта робіцца ў Расеі.

Таксама, лічаць апазыцыянэры, прымаючы закон насуперак папярэджаньням краін-партнэраў, у прыватнасьці датычна яго несумяшчальнасьці з каштоўнасьцямі ЭЗ, «Грузінская мара» імкнецца зьмяніць замежнапалітычны курс Грузіі.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі паведаміла, што наклала вета на закон аб «замежных агентах», як такі які «супярэчыць Канстытуцыі, еўрапейскім стандартам і ўяўляе сабой перашкоду на нашым эўрапейскім шляху».

28 траўня ў парлямэнце Грузіі плянуюць разглядаць пытаньне аб пераадоленьні гэтага вета.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG