Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што змагаюцца грузіны. «Прэзыдэнт адкрыта называе ўрад прарасейскім»


Каляж: пратэст у Грузіі, Сандро Джупалакіяні
Каляж: пратэст у Грузіі, Сандро Джупалакіяні

Чаму ў Грузіі працягваюцца маштабныя пратэсты супраць так званага закону аб «замежных агентах»? Ці трапляе Грузія ўсё больш пад расейскі ўплыў і наколькі там імаверная зьмена ўлады?

Пра гэта ў праграме «ПіК Свабоды» расказвае Сандро Джупалакіяні, журналіст грузінскай службы Радыё Свабода і сайту «Эхо Кавказа».

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты інтэрвію

  • Паводле новага закону недзяржаўныя арганізацыі і мэдыя, якія атрымліваюць больш за 20 працэнтаў фінансаваньня з-за мяжы, будуць лічыцца «праваднікамі замежнага ўплыву». Фактычна гэты закон скіраваны супраць ЗША і Эўропы — галоўных міжнародных партнэраў краіны, а ня супраць Расеі, якая акупуе 20 працэнтаў грузінскай тэрыторыі.
  • Таксама ёсьць чаканьні, што закон будзе ўзмоцнены, як гэта адбылося ў Расеі. У 2013 годзе Пуцін казаў, што гэтае патрабаваньне тычыцца толькі тых арганізацый, якія займаюцца палітычнай дзейнасьцю і атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы. А сёньня ў Расеі «замежным агентам» можна абвясьціць фактычна любога чалавека, нават безь фінансаваньня.
  • Паводле закону «замежнымі агентамі» зробяцца НДА і СМІ, якія найбольш актыўна крытыкуюць уладу. Гэта можна разглядаць як спробу прымусіць іх змоўкнуць — пра гэта кажуць і экспэрты, і прадстаўнікі НДА і апазыцыі.
  • Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі адкрыта называе гэты ўрад прарасейскім. Некаторыя экспэрты кажуць, што 29 красавіка, калі адбыўся мітынг урадавай партыі, яе заснавальнік Бідзіна Іванішвілі фактычна абвясьціў пра зьмену курсу краіны, хоць там не было такіх адкрытых заяваў.
  • У Канстытуцыі гаворыцца, што ўлады Грузіі павінны рабіць усё для інтэграцыі краіны ў ЭЗ і NATO. Улады афіцыйна кажуць, што яны за далучэньне да ЭЗ. Статус кандыдата на далучэньне да Эўразьвязу быў атрыманы цяперашнім урадам партыі «Грузінская мара». Але некаторыя экспэрты адзначаюць, што ад пачатку маштабнай вайны ва Ўкраіне курс ураду троху зьмяніўся, і лічаць, што Іванішвілі зрабіў стаўку на Маскву.
  • Апытаньні ў Грузіі паказваюць, што больш за 80 працэнтаў насельніцтва падтрымліваюць эўрапейскія пэрспэктывы.
  • Некаторыя экспэрты кажуць, што прыняцьце закону выкліканае ціскам Масквы, якая спрабуе дабіцца, каб Эўразьвяз сам адмовіўся ад Грузіі. Другая вэрсія ў тым, што перад выбарамі «Грузінская мара» хоча кантраляваць фінансы, якія трапляюць у краіну для НДА і мэдыя.
  • Сярод арганізатараў пратэстаў фактычна няма лідэраў апазыцыйных партый — у асноўным там моладзевыя арганізацыі і НДА. Апазыцыя пакуль за гэтым збольшага назірае, сярод выступоўцаў на мітынгах вельмі мала палітыкаў.
  • Асноўнай апазыцыйнай сілай застаецца партыя зьняволенага экс-прэзыдэнта Міхэіла Саакашвілі. Ёсьць яшчэ некалькі дробных праэўрапейскіх партый. Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі цяпер вядзе зь імі кансультацыі, каб стварыць нейкую вялікую праэўрапейскую перадвыбарчую плятформу.
  • Пасьля таго як Саакашвілі быў затрыманы, Зурабішвілі заяўляла, што ніколі яго не памілуе. Потым яе пазыцыя трохі зьмякчылася. Паводле закону яна можа яго памілаваць, але ва ўраду застануцца магчымасьці пакінуць яго пад вартай, бо супраць яго распачалі новыя крымінальныя справы. Магчыма, гэта адна з прычынаў, чаму Зурабішвілі не прымае такога рашэньня.
  • Пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку ўлада можа памяняцца толькі ў тым выпадку, калі некалькі апазыцыйных сілаў набяруць больш галасоў, чым цяперашняя ўрадавая партыя, і калі будзе апазыцыйная кааліцыя.
  • У Грузіі пасьля выбараў апазыцыя традыцыйна гаворыць пра фальсыфікацыі, але галоўнай тут будзе ацэнка міжнародных назіральнікаў. Крытыкі новага закону кажуць, што ён таксама скіраваны і супраць міжнародных назіральнікаў і НДА, якія супрацоўнічаюць зь міжнароднымі арганізацыямі для назіраньня за выбарамі. Улады абяцаюць, што працэс будзе празрысты і што яны правядуць выбары на высокім узроўні.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG