Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя спрасьціла працэдуры легалізацыі беларусаў, скарэктаваўшы ацэнку Беларусі як краіны, куды небясьпечна вяртацца


Сьвятлана Ціханоўская і Тобіяс Більстром
Сьвятлана Ціханоўская і Тобіяс Більстром

23 траўня Сьвятлана Ціханоўская ў рамках візыту ў Швэцыю сустрэлася зь міністрам замежных справаў краіны Тобіясам Більстромам.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала міністру Тобіясу Більстрому за спрашчэньне працэдуры легалізацыі для беларусаў: цяпер беларусы з пратэрмінаваным пашпартам могуць атрымаць швэдзкія дакумэнты, паведаміла прэсавая служба Ціханоўскай.

Таксама падчас візыту ў Стакгольм стала вядома, Швэцыя зьмяніла ацэнку Беларусі ў сваім міграцыйным заканадаўстве, што служыла прычынай для адмоваў беларусам у легалізацыі.

Прадстаўнік народнай амбасады Беларусі ў Швэцыі Дзьмітры Васэрман пракамэнтаваў Свабодзе гэтыя зьмяненьні:

«У дакумэнтах Агенцтва па міграцыі ніколі не ўтрымлівалася фармулёўка аб тым, што Беларусь зьяўляецца бясьпечнай краінай. Але ў разглядаемых справах беларусаў адзначалася, што таму ці іншаму чалавеку бясьпечна вяртацца ў Беларусь. Гэта можа здавацца невялікай розьніцай, але з юрыдычнага пункту гледжаньня гэта дзьве розныя рэчы. Мы самі выкарыстоўвалі фармулёўку, што „міграцыйнае агенцтва лічыць, што Беларусь зьяўляецца бясьпечнай краінай“ у адным з артыкулаў. Гэта не спадабалася Агенцтву і на некаторы час ускладняла нашы адносіны.

Тым не менш, сытуацыя з беларускімі ўцекачамі была абсалютна катастрафічнай, і міграцыйнае агенцтва высылала да 98% беларусаў, у тым ліку вядомых актывістаў. Гэта было зьвязана з тым, што інфармацыя па краіне была неадэкватнай, і мы змагаліся за яе зьмену публічна і непублічна.

У пачатку года мы нарэшце змаглі сустрэцца з агенцтвам для глыбокай і канструктыўнай размовы. 20 лютага 2024 года яны выпусьцілі новую інфармацыю па краіне, якую мы вельмі доўга дамагаліся. Гэта інфармацыя вельмі недвухсэнсоўна паказвае, наколькі Беларусь зьяўляецца небясьпечнай для любых беларусаў, якія выступалі супраць рэжыму, незалежна ад таго, ці рабілі яны гэта ў краіне ці за мяжой, фізычна або ў сацыяльных мэдыях.

Мы былі асьцярожныя з тым, каб шырока выходзіць з гэтай інфармацыяй публічна, таму што мы баяліся сытуацыі, што пад уплывам гэтай інфармацыі ў Швэцыю можа пачаць рухамі паток беларускіх уцекачоў, і сытуацыя можа зьмяніцца ў адваротны бок».

Апрача таго падчас сустрэчы Сьвятлана Ціханоўская і Тобіяс Більстром. абмеркавалі супольныя імпрэзы падчас пасяджэньня Генасамблеі ААН і міністэрскай сустрэчы Паўночна-Балтыйскай васьмёркі.

Асобна на сустрэчы ўзьнялі пытаньне падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці: павелічэньне стыпэндыяў, падтрымку СМІ і культурніцкіх ініцыятываў, праграмы для моладзі і арганізацыя курсаў па дзяржаўным кіраваньні і дыпляматыі для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.

Ціханоўская падзякавала міністру за павелічэньне швэдзкай дапамогі для Беларусі, якая за апошні год вырасла больш як на 26%. Акрамя гэтага, Швэцыя дадаткова выдзеліла 430 тысяч эўра на рэабілітацыю рэпрэсаваных і былых палітвязьняў. Ціханоўская заклікала міністра прапанаваць іншым краінам далучыцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду ў падтрымку палітвязьняў, які быў створаны ў Нарвэгіі.

Асобна абмяркоўвалі санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму, у прыватнасьці санкцыі на калійныя ўгнаеньні, а таксама супраць тых, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях, і кампаніяў, якія пастаўляюць вайсковае абсталяваньне ў Расею.

У рамках візыту ў Швэцыю Ціханоўская таксама сустрэлася са спэцпрадстаўніком ЭЗ у правах чалавека Улафам Скугам і абмеркавала зь ім прыцягненьне да адказнасьці Лукашэнкі і ягоных атачэньня. Галоўнымі тэмамі размовы сталі падтрымка палітвязьняў, неабходнасьць міжнароднай адказнасьці за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і рэпрэсіі супраць беларусаў за мяжой.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG