Як адзначыла Ціханоўская падчас свайго выступу на Стакгольмскай канфэрэнцыі, Беларусь «доўга жыла ў цені імпэрыі» і амаль страцілі незалежнасьць і нацыянальную ідэнтычнасьць, але нават у самыя змрочныя часы беларусы «знаходзілі сілы змагацца».
«Доўгія гады шмат якія краіны ўспрымалі Беларусь як дадатак Расеі. Так больш ня будзе. Мы — гордая эўрапейская нацыя з унікальнай культурай, гісторыяй, героямі і марамі», — заявіла яна.
Палітык выказала спадзеў, што беларусам урэшце ўдасца скінуць дыктатуру Лукашэнкі.
«Як паказвае гісторыя, усе дыктатуры падаюць. І звычайна тады, калі гэтага ніхто не чакае. Мы ня можам прадказаць, як і калі адбудуцца зьмены, але мы можам падрыхтавацца да іх і наблізіць іх», — адзначыла яна.
У сваёй прамове Ціханоўская заклікала рабіць усе магчымыя высілкі, каб вызваліць беларускіх палітвязьняў, а таксама падкрэсьліла важнасьць шматбаковай міжнароднай падтрымкі беларусаў. Яна адзначыла: «праз інвэстыцыі ў вольную Беларусь, сьвет інвэстуе ў мір і дэмакратыю».
Асобна лідарка заклікала дапамагаць беларускай грамадзянскай супольнасьці, незалежным мэдыя, праваабаронцам і шматлікім беларускім ініцыятывам.
«Падтрымайце ўсіх тых беларусаў, якія працягваюць працаваць на карысьць зьменаў. Журналістаў, якія вядуць няроўнае змаганьне з прапагандай. Праваабаронцаў, якія зьбіраюць доказы злачынстваў рэжыму. Культурніцкія ініцыятывы, што спрыяюць умацаваньню нацыянальнай ідэнтычнасьці. Дапамажыце зь легалізацыяй усім тым, хто быў вымушаны зьяжджаць з краіны. Шмат якія беларускія арганізацыі спрабуюць працаваць у эміграцыі, і ім таксама патрэбная дапамога», — адзначыла палітык.
Сьвятлана Ціханоўская пачала візыт у Швэцыю 20 траўня.
21 траўня яна адкрыла Стакгольмскую канфэрэнцыю аб Беларусі, якая пройдзе 21-22 траўня. У канфэрэнцыі ўдзельнічае вялікая колькасьць беларускіх і замежных палітыкаў, аналітыкаў, журналістаў, дзеячаў культуры, актывістаў, прадстаўнікоў НДА — каля 60 удзельнікаў толькі зь беларускага боку.
Таксама беларуская лідарка сустрэлася зь беларусамі і беларускамі Швэцыі. Перад дыялёгам з дыяспарай і ўдзелам у акцыі салідарнасьці з палітзьняволенымі Сьвятлана Ціханоўская выступіла з эмацыйнай прамовай, у якой падзялілася тым, як перажывае асабісты боль, а таксама заклікала далей працаваць для вызваленьня палітвязьняў.
Падчас візыту ў Швэцыю ў Ціханоўскай заплянаваны шэраг сустрэч. Яна ўжо сустрэлася прэм’ер-міністрам Швэцыі Ульфам Крыстэрсанам і міністаркай у эўрапейскіх справах Есікай Росваль, са сьпікерам парлямэнту Швэцыі Андрэасам Норленам і з чальцамі швэдзкіх дэлегацыяў у ПАРЭ і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
Ціханоўская абмяркуе сытуацыю ў Беларусі з чальцамі швэдзкай дэлегацыі ў АБСЭ і Эўрапейскай Радзе, зь літоўскім паслом у Швэцыі, былым міністрам замежных спраў Лінасам Лінкявічусам і інш.
Форум