Пра гэта паведамляюць агенцтва Reuters і праваабарончая арганізацыя Iran Human Rights, піша «Настоящее время».
Праваабаронцы ўдакладнілі, што Салехі прызналі вінаватым у «пашырэньні карупцыі на зямлі» (тэрмін, які іранскія ўлады выкарыстоўваюць для абазначэньня шырокага кола злачынстваў, у тым ліку зьвязаных з ісламскай маральлю. — Рэд.).
Адвакат Салехі Мустафа Нэлі заявіў, што будзе абскарджваць сьмяротны прысуд.
Музыку затрымалі ў кастрычніку 2022 году, удакладняе Reuters. Яму паставілі ў віну падтрымку тых, хто пратэставаў супраць ураду, у тым ліку ў сваіх песьнях і публічных выказваньнях.
У 2023 годзе Вярхоўны суд Ірану прыгаварыў Салехі да 6 гадоў і 3 месяцаў турмы.
Праваабаронцы адзначаюць, што, павялічваючы колькасьць сьмяротных прысудаў, улады Ірану імкнуцца «пасеяць страх у грамадзтве, каб перадухіліць пратэсты і падоўжыць сваё кіраваньне». Яны заклікалі міжнародную супольнасьць рашуча адрэагаваць на дзеяньні іранскіх уладаў, каб перадухіліць сотні новых ахвяраў у найбліжэйшыя месяцы.
Паводле праваабарончых арганізацый Iran Human Rights і Together Against the Death Penalty, у 2022 годзе ўлады Ірану пакаралі сьмерцю 582 чалавекі — на 333 больш, чым у 2021-м. Пры гэтым, як адзначылі праваабаронцы, 511 чалавек былі пакараныя без публічнага абвяшчэньня прысудаў і толькі пра 71 сьмяротны прысуд улады Ірану паведамілі афіцыйна. Таксама праваабаронцы паведамілі аб пакараньні прынамсі 16 жанчын і трох непаўналетніх.
Улады Ірану спрабуюць не дапусьціць трапляньня ў сусьветную прэсу любой інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне. З пачатку пратэстаў былі арыштаваныя больш за 40 журналістаў, а тыя, хто застаецца на волі, скардзяцца на сачэньне і праслухоўваньне сваіх тэлефонаў.
Форум