Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран упершыню акрэдытаваў у Беларусі вайсковага аташэ. Раней краіны актывізавалі супрацу ў абароннай сфэры


Іран упершыню акрэдытаваў у Менску ваеннага аташэ
Іран упершыню акрэдытаваў у Менску ваеннага аташэ

У Міністэрстве абароны Беларусі 16 траўня ўпершыню з моманту ўстанаўленьня беларуска-іранскіх дыпляматычных адносінаў (у 1993 годзе) акрэдытавалі вайсковага аташэ пры амбасадзе Ірану ў Расеі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) — капітана першага рангу Рэза Хасраві Магадам.

У Мінабароны адзначылі, што падчас акрэдытацыйнай сустрэчы ён абмеркаваў разам з памочнікам міністра абароны Беларусі ў пытаньнях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Валерыем Равенкам «стан і пэрспэктывы разьвіцьця двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва». Таксама бакі абмяняліся думкамі «ў пытаньнях міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі».

Акрэдытацыя вайсковага аташэ адбылася на фоне актывізацыі беларуска-іранскага супрацоўніцтва ў абароннай сфэры.

У рамках візыту ў Тэгеран летась 31 ліпеня міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін падпісаў з іранскім калегам мэмарандум аб вайсковай супрацы.

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) выказаў здагадку, што кіраўнікі вайсковых ведамстваў маглі абмяркоўваць вытворчасьць іранскіх дронаў-камікадзэ ў Беларусі. Пра тое, што група інжынэраў з Ірану наведвала «Гомельскі радыёзавод» і абмяркоўвала магчымасьць «сыстэмнага наладжваньня» вытворчасьці гэтага тыпу бесьпілётнікаў, у траўні 2023 году са спасылкай на свае крыніцы паведамляў Цэнтар нацыянальнага супраціву (падразьдзяленьне пры камандаваньні сіл спэцапэрацый Мінабароны Ўкраіны).

  • У лістападзе 2023 году прайшло першае паседжаньне беларуска-іранскай міжведамаснай камісіі па вайсковым супрацоўніцтве.
  • У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сіл Ірану Сеед Галандары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў канцы красавіка — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сіл Мэхдзі Джафары.
  • 27 красавіка Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Махамадам Ашціані заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацоўніцтва з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў. Аштыяні ў сваю чаргу падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерана да больш шчыльнага супрацоўніцтва зь Менскам», і заявіў, што Іран і Беларусь «падзяляюць погляды па асноўных рэгіянальных і міжнародных праблемах».
  • 2 траўня стала вядома, што ў Тэгеране завяршыліся камандна-штабныя вучэньні «Пояс бясьпекі 2024», у якіх бралі ўдзел беларускія вайскоўцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG