Сьледчыя Бюро эканамічнай бясьпекі ў Палтаўскай вобласьці зьвярнуліся па міжнародную дапамогу да Чэхіі і Латвіі ў справе пра незаконныя пастаўкі растваральнікаў праз славацкія, латвійскія і чэскія кампаніі ва Ўкраіну зь Беларусі і Расеі для незаконнай вытворчасьці паліва.
У прыватнасьці, як адзначаецца ў адным з такіх зваротаў, украінская кампанія купляла растваральнікі ў Славаччыне, Чэхіі ці Латвіі, пералічвала грошы на іхныя рахункі, а тыя потым пералічвалі атрыманыя фінансавыя сродкі на банкаўскія рахункі аднаго прадпрыемства ў Расеі і аднаго — у Беларусі.
Гэтую справу завялі ў лютым 2023 году, але першыя судовыя рашэньні ў ёй не публікаваліся, паколькі асобныя працэсуальныя дзеяньні разглядаліся на закрытых пасяджэньнях суду.
Паводле сьледзтва, мэтаноль (мэтылавы сьпірт) пастаўлялі на тэрыторыю Ўкраіны для незаконнай вытворчасьці гаруча-змазачных матэрыялаў і потым рэалізоўвалі прадпрыемствам рэальнага сэктару эканомікі. Такім чынам беспадстаўна фармаваліся падатковыя крэдыты, што дазваляла пазьбягаць аплаты падаткаў. У выніку бюджэт Украіны недаатрымаў 8,7 мільёна грыўняў (крыху больш за 200 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Украінскія сьледчыя запрасілі ў сваіх замежных калег магчымасьць атрымаць дакумэнты кампаній, якія займаліся гэтымі пастаўкамі ва Ўкраіну. У прыватнасьці, сьледзтва цікавяць кантракты, накладныя, экспэртызы, дэклярацыі і іншыя дакумэнты, якія звычайна афармляюцца пры пастаўках і транспартаваньні прадукцыі. Сьледчыя падазраюць, што незаконныя схемы выкарыстоўвалі з 1 студзеня 2019 году да 1 сьнежня 2023 году і такім чынам «фактычна фінансавалі тэрарызм».
Ва Ўкраіне з траўня 2020 году растваральнікі, у адрозьненьне ад бэнзіну і дызэльнага паліва, былі выключаныя з падакцызнай прадукцыі.
Паводле гандлёвай статыстыкі, пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ўвоз нафтапрадуктаў з Славаччыны павялічыўся ў некалькі разоў. Толькі ў 2023 годзе з Славаччыны ўвезьлі на тэрыторыю Ўкраіны нафтапрадуктаў на 358 мільёнаў даляраў і газу — на 346 мільёнаў даляраў.
Пэўны час беларускія кампаніі зараблялі на пастаўках ва Ўкраіну менавіта растваральнікаў. Як у пачатку 2022 году расказваў Свабодзе экспэрт у пытаньнях нафтабізнэсу, гэта ажыцьцяўлялі на падставе штогадовых указаў Аляксандра Лукашэнкі, выдадзеных з грыфам «сакрэтна», у якіх вызначаліся квоты на экспарт для дзяржаўных і прыватных нафтатрэйдэраў.
Форум