Сьцісла:
- Альгерд Бахарэвіч паўстаў у іншай, не знаёмай чытачу іпастасі.
- Несавецкая беларушчына ў прыгожым пісьменстве распраўляе крылы і робіцца арганічнай часткай сусьветнае літаратуры.
- Кніжны рынак можа разьвівацца толькі ва ўмовах капіталістычнай эканомікі, таму ў Беларусі яго ніколі і не было.
Куды падзеўся аўтар
Альгерда Бахарэвіча не пазнаць! Самы шматкніжны, эгацэнтрычны, крытыкаваны, а ўрэшце таўраваны ўладамі ў Беларусі творца напісаў раман, у якім няма ані правакацыйных думак, ані схаваных сэнсаў, ані вострых, як лязо, вобразаў.
Першае ўражаньне — быццам нехта спрактыкаваны грае джазавы стандарт. «Караван» Дзюка Элінгтана (вярблюды, дарэчы, у рамане таксама ёсьць). Або быццам гэта штучны інтэлект, якому ніяк не прыдумаюць прыгожую беларускую назву, раскрыўся напоўніцу: назвы яму няма, а ён ужо дзейнічае. Не зважаючы ні на што. У кожным разе: захапляльна, прыгожа, не адарвацца.
Прыгодніцкія ці казачныя творы былі ў Альгерда і раней, але заўсёды на першым пляне прачытвалася асоба аўтара — ваяра-адзіночкі з «традыцыйнымі каштоўнасьцямі» — кайданамі саўковасьці, што скоўваюць беларушчыну і прыгожае пісьменства. Тут жа гэтае змаганьне сышло кудысьці ў плоць пісьма і жыве ў тэкставым целе як бы само сабой, бяз аўтара.
Я яшчэ чапляюся за нейкія прывідныя літаратурныя перазовы, асацыяцыі і паўнамёкі, звыклыя для Бахарэвіча. Першым на вочы трапляе Мінц — ключавы герой, у памяці ўсплывае Франц Кафка і ягоная адрасатка Мінцэ Эйснэр, лісты да якой сталі літаратурнай клясыкай... Ніякай сувязі не ўзьнікае, і я разумею, што гэта выпадковасьць. Але ж і Мінца таксама няма. Ён, як і аўтар, зрабіў сваю справу, і цяпер яны кураць разам свае файкі і толькі назіраюць за маштабнымі прыгодамі герояў, якіх самі ж і стварылі.
Капітанскі раман
Бахарэвіч папросту ўключыў рэплікатар, сабраў цалкам унівэрсальных герояў першага пляну (такія ёсьць у кожнай кватэры ад Шабаноў да Аўстраліі), раздаў ім розныя характары — кожнаму свой, расьпісаў самыя невераемныя прыгоды па ўсім сьвеце. Падарожжа — найлепшая канва для будзь якіх паваротаў сюжэту. Урэшце ўдыхнуў у матэрыю жывы дух. Гаворка ідзе аб праўдападабенстве — галоўным рухавіку жанру, які ў бэлетрыстыцы выконвае тую ж функцыю, што ў журналістыцы (ці юрыспрудэнцыі) праўда факту. Іх ні ў якім разе нельга зьмешваць, бо праўда і праўдападабенства маюць зусім адрозную прыроду, і пры блытаніне ў абодвух выпадках атрымліваецца фэйк.
Праўдападабенства ўсёмагутнае, яно можа ажывіць усё, нават пляму ад кетчупу на палітоне...
Нарэшце (тут і адказ на пытаньне), асоба аўтара пры гэтым растварылася ў тэксьце паводле прынцыпу: «ня я ў літаратуры, а літаратура ўва мне». Цяпер чытачы будуць абмяркоўваць ня ўласна Бахарэвіча, а герояў, іх характары і ўчынкі, калізіі, у якія яны трапляюць. Так, як і мусіць быць у прыгодніцкім стандарце.
Матэрыя кнігі тчэцца з казак, квэстаў, трэвэл-блогаў, кулінарных шоў — чаго заўгодна; істотныя толькі праўдападабенства і арганічнасьць. Галавакружныя дзеі нагадваюць то пра краіну Оз, то пра дзяцей капітана Гранта, то пра самога капітана Блада... Гэта капітанскі раман.
Вось чаго захацеў Бахарэвіч! Напісаць кнігу, якая стане на адну паліцу з абавязковай праграмай чытаньня для падлеткаў (і дарослых таксама), кнігу, якая, вядома ж, будзе адпавядаць правілам маскульту, але і больш за тое — кнігу, для якой страчвае значэньне колькасьць перавыданьняў і моваў, на якіх яна выходзіць, а таксама тое, які цяпер за вокнамі век і лад. А яшчэ — кнігу, у якой імя аўтара — усяго толькі апазнавальны знак на карэньчыку, бо хто там будзе разважаць пра літаратурныя амбіцыі аўтара «Смарагдавага гораду». Спытаюць толькі: ці лёгка чытаецца?.. Апазнавальны знак на карэньчыку мусіць ня проста прабіць для кнігі шлях на адпаведную паліцу кнігарні, ён мусіць упісаць кнігу ў канон.
«Вялікая літаратура мінулага сышла ў нябыт», — заўважыць мімаходзь гераіня Бахарэвічавага «Капітана». Вялікая сышла, працягнуў бы я гэтую думку, засталася тая, што не падуладная часу.
Беларушчына і палітыка
Ілюстрацыі Лявона Вольскага пацьвярджаюць, што гэта заяўка на кананічнасьць — яны неадрыўна злучаюцца з тэкстам, каб заставацца зь ім назаўсёды, калі і праз сто гадоў «Капітан Лятучая Рыба» выйдзе з малюнкамі рок-музыканта старых традыцый... і гэта адразу будзе цэлая свая гісторыя, якую варта расказаць.
Беларускія рэаліі праходзяць праз раман эпізадычна, пункцірам, нібы для таго толькі, каб беларусы не забываліся, што гэта «наша» — як вадзяныя знакі ў пашпарце — амаль незаўважна і мімаходзь.
Вось бацькі гераіні — яны родам з Пастаўшчыны і цяпер у Беларусі сядзяць у турме. Якія тут асацыяцыі прыходзяць на думку пасярод фантастычных прыгодаў дзесьці на іншым канцы сьвету, апроч навін? Згадваецца паўстанцкае мінулае жульвэрнаўскага капітана Нэма.
А вось — згадка пра краіну-мель — «Мель Вайсрусьлянд, якая тырчыць пасярод Эўропы. І ўсе нармальныя краіны стараюцца яе абмінаць». Крыўда не пасьпявае закіпець у сэрцы, бо эпізод абрываецца і мы сочым за новымі паваротамі сюжэту.
Ёсьць нават пра «сінія пальцы», але зусім ужо мяльком. Ці пра Канфуцыя, які казаў: «Не пакідайце ж роднай мовы, каб ня ўмёрлі», — і зноў на сэкунду, каб толькі паказытаць напружанае чаканьне новае прыгоды і дзівоснага выратаваньня.
Зразумела, што ня мог Бахарэвіч зусім ніяк не згадаць тое, што сёньня робіцца на бацькаўшчыне. Але ня мог і адступіцца ад законаў жанру. Таму расповед мусіць быць пра ўнівэрсальнае і ў характэрных для герояў інтанацыях:
«— А за якое злачынства іх кінулі ў турму?.. Тваіх бацькоў? Яны забілі кагосьці? Ці абакралі мультымільянэра? Выкрадалі непаўналетніх? Прадавалі зброю дыктатарскім рэжымам? Або гандлявалі нясьвежымі амарамі?
— Не... Яны не прадавалі амараў і ня кралі дзяцей. Яны проста няправільна думалі. Ня так, як трэба там, адкуль я прыехала. Там гэта самае вялікае злачынства — няправільна думаць. Вось іх і схапілі. Маму і тату.
— Якая несправядлівасьць... Абсурд. Як можна думаць правільна?..»
У размову ўступае гераіня, якую аўтар надзяліў рацыянальным розумам, шырокімі ведамі і нязьменнай іроніяй. Яна ведае, як правільна рабіць:
«— Чаму абсурд? Усё вельмі лягічна. Калі ты ведаеш, як думаць правільна, і пры гэтым наўмысна думаеш няправільна, цябе караюць. Заўсёды можна думаць няправільна, а рабіць правільна. Не разумею, як тваім бацькам не прыйшло ў галаву такое простае рашэньне. Твае бацькі... проста ня ўмелі трымаць язык за зубамі».
Але гэта, паўтаруся, мімаходзь. Глябальна і для ўсіх даецца іншая, літаратурная вэрсія цудоўнага выратаваньня, пра якое мараць героі на шляху сваіх квэстаў.
Кніжны рынак
За савецкім часам на маёй памяці быў толькі адзін беларускі літаратар, які думаў пра кніжны рынак і меў дасягненьні ў гэтай справе. Уладзімер Караткевіч. Ён стаў самым чытаным пісьменьнікам, ягоныя кнігі выдаваліся накладамі пад сто тысяч асобнікаў, а самае галоўнае — па ягоныя кнігі людзі ставалі ў доўгія чэргі. Аднак гэта была столь. Кніжны рынак — зьява капіталістычная, а значыць, у нас немагчымая. Напэўна, так разважалі калегі Караткевіча той даўняй савецкай зімой. Дый саму літаратуру яны ў большасьці сваёй пісалі правільную, савецкую, і нават не дапускалі, што іхныя кніжкі могуць зацікавіць кагосьці ў шырокім сьвеце. На Караткевіча яны пазіралі як на дзівака. Ён жа проста ажыўляў свае ўласныя афарызмы: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як ня робіць ніхто, — і тады пераможаш».
Альгерд Бахарэвіч ішоў падобным індывідуальным шляхам, бо за ўсе пасьлясавецкія часы ў Беларусі так і ня склаўся кніжны рынак, не пасьпеў, і па-сапраўднаму можна было чагосьці дасягнуць хіба што ўласнымі высілкамі. Па вялікім рахунку, нічога не зьмянілася з часоў Караткевіча.
І тут адбылося наступнае. За некалькі апошніх гадоў беларуская літаратурная прастора вярнулася ў брэжнеўскія (ці ўжо нават сталінскія) часы, тым часам сама жывая літаратура разьвіталася з сацыялізмам і суіснаваць з дыктатурай у адной краіне больш не магла. Дакладней, дыктатура не дапускала суіснаваньня з жывой літаратурай і выштурхнула яе за мяжу. Літаратура апынулася ў вольным сьвеце, дзе былі свае кніжныя рынкі, і адчула вострую патрэбу такога рынку для сябе. Цяпер пра гэта марыў ужо не адзін пісьменьнік, а, бадай, усе. Літаратура пачала тэставаць сябе ў тых жанрах, у якіх свой кніжны рынак пасьпяхова існуе ў Польшчы, Нямеччыне, па ўсёй Эўропе, на ўсім Захадзе. На вастрыі гэтых працэсаў і зьявіўся «Капітан Лятучая Рыба». У пэўным сэнсе як будаўнічы інструмэнт.
Прэзэнтацыйнае турнэ, у якое аўтар выправіўся разам з выдаўцом Андрэем Янушкевічам і перакладчыкам Сяргеем Шупам па розных гарадах, сабрала поўныя залі чытачоў. Усе пагадзіліся, што беларускай дыяспары дастаткова (не было б шчасьця...) для таго, каб беларуская кніжная эканоміка запрацавала як мае быць, і што адзіная пэрспэктыва для такога рынку — вяртаньне ў Беларусь, якая сама вернецца да нармальнага жыцьця ўжо таму, што ў яе будзе свой кніжны рынак.
Пра тое самае думае, між іншым, і гераіня раману «Капітан Лятучая Рыба». Ёй сакрэтна паведамілі, што заўтра ў Беларусі яе бацькі выйдуць з турмы на свабоду.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум