Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве кнігі пра Менск і адна пра беларуску ў Гамбургу. Бахарэвіч, Шупа і Янушкевіч пачалі эўрапейскі літаратурны тур. ФОТА


Зьлева направа на прэзэнтацыі выступаюць: Андрэй Янушкевіч, Сяргей Шупа, Альгерд Бахарэвіч
Зьлева направа на прэзэнтацыі выступаюць: Андрэй Янушкевіч, Сяргей Шупа, Альгерд Бахарэвіч

У Вільні прэзэнтавалі дзьве кнігі пра Менск і адну пра Гамбург.

Сяргей Шупа прадставіў свой поўны пераклад рамана Мойшэ Кульбака «Зэлмэняне» пра Менск на пераломе 1920-х і 1930-х гадоў. Гэтая кніга расстралянага сталінскімі катамі пісьменьніка на ідышы ярка апісвае габрэйскае жыцьцё ў міжваенным Менску.


«Праблема спадчыны Кульбака, што да канца нібыта невядома, якому народу яна належыць, да якой літаратуры. Літоўцы лічаць яго сваім за паэму пра Вільню. А беларусы з поўным правам могуць адносіць да беларускай літаратуры, бо ён аўтар культавага менскага раману „Зэлмэняне“», — расказаў Сяргей Шупа, перакладчык і дасьледнік творчасьці Кульбака. На старонках раману лёгка пазнаюцца мясьціны даваеннага Менску.

Сяргей Шупа
Сяргей Шупа

Выданьне раману поўнае — у папярэднім перакладзе Віталя Вольскага за савецкім часам рэдактары з ідэалягічных ці палітычных прычын скарацілі каля 12 працэнтаў тэксту.


Пісьменьніца Юля Цімафеева не змагла паехаць у літаратурны тур, яе кнігу «Мінскі дзёньнік» пра падзеі 2020 году прадставіў муж — Альгерд Бахарэвіч.

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч


Кніга ўжо выйшла на швэдзкай, ангельскай і іншых мовах, бо пісалася для замежных чытачоў. Юля Цімафеева пачала пісаць гэты дзёньнік пра падзеі 2020 году на замову замежных газэт, якім было цікава ведаць пра драматычныя падзеі ў Беларусі. Але цяпер аўтарка зрабіла пераклад на беларускую для беларускіх чытачоў.


«Юля апісала, што значыць жыць у Менску ў гэты рэвалюцыйны, страшны, але і велічны час... Яе кніга стала дакумэнтам эпохі... Але калі ўжо за мяжой яна пісала пра падзеі 2020 году ў Беларусі, усе гэтыя падзеі вярталіся, сэрца баліць і ліюцца сьлёзы», — расказаў Альгерд Бахарэвіч пра кнігу Юлі Цімафеевай, аздобленую яе здымкамі Менску 2020 году.

Альгерд Бахарэвіч
Альгерд Бахарэвіч


Цяпер Бахарэвіч і Цімафеева жывуць у Гамбургу. У гэтым горадзе разгортваюцца падзеі новага прыгодніцкага раману Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба». Яго галоўная гераіня, маладая беларуска Алеся, трапляе ў гэты горад.


Альгерд Бахарэвіч расказаў, што на напісаньне прыгодніцкага раману яго натхнілі кнігі Янкі Маўра. Кнігу ілюстраваў вядомы музыка Лявон Вольскі.


«Мець Лявона Вольскага ілюстратарам для мяне вялікі гонар. Лявон мне імпануе тым, што не спыняецца ніколі, экспэрымэнтуе, спрабуе сябе ў розных жанрах. Ён мне моцна дапамог сваім адчуваньнем свабоды творчасьці», — сказаў Бахарэвіч.

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, перакладчык Сяргей Шупа і выдавец Андрэй Янушкевіч, стваральнік выдавецтва «Янушкевіч» і крамы «Кнігаўка», якая ў лютым 2024 году адрадзілася ў Варшаве, праводзяць тур па пяці эўрапейскіх гарадах: Вільня, Рыга, Талін, Уроцлаў і Прага.

Андрэй Янушкевіч
Андрэй Янушкевіч


Сустрэчы з чытачамі праходзяць у рамках праграмы ArtPower Belarus Беларускай рады культуры і Дацкага інстытуту культуры пры фінансавым садзейнічаньні Эўразьвязу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG