Зацьвярджэньне Думай стрыманага Мішусьціна амаль гарантаванае, паколькі ў парлямэнце практычна няма апазыцыі, піша Reuters, Дума падтрымлівала Пуціна ва ўсіх яго рашэньнях, уключаючы ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Згодна з законам, урад пайшоў у адстаўку непасрэдна перад тым, як Пуцін, кіраўнік Расеі амаль чвэрць стагодзьдзя, у аўторак быў прыведзены да прысягі на чарговы шасьцігадовы тэрмін пасьля абвешчанай перамогі на перавыбарах у сакавіку.
«Пуцін унёс у Дзяржаўную Думу прапанову аб вылучэньні кандыдатуры Міхаіла Мішусьціна на пасаду старшыні ўраду», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Вячаслаў Валодзін у Telegram.
«Сёньня дэпутаты прымуць адказнае рашэньне ад імя сваіх выбарнікаў у гэтым пытаньні», — напісаў Валодзін.
Мішусьцін, які выступіць у Думе перад галасаваньнем, павінен адказаць, як ён будзе вырашаць шэраг задач, пастаўленых Пуціным перад урадам, у тым ліку «эканамічнае і рэгіянальнае разьвіцьцё, павышэньне абараназдольнасьці краіны», сказаў Валодзін.
Няма ніякіх прыкмет таго, што Пуцін плянуе сурʼёзныя перастаноўкі ва ўрадзе, у які ўваходзяць вэтэран ураду Сяргей Шайгу, які адказвае за абарону Расеі з 2012 году, і міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў, які адказвае за расейскую дыпляматыю на працягу двух дзесяцігодзьдзяў.
Аналітыкі кажуць, што захаваньне ўраду ў недатыкальнасьці дасьць сыгнал стабільнасьці і задаволенасьці Пуціна прагрэсам яго каманды дома і за мяжой.
Мішусьцін, карʼерны бюракрат, ня меў палітычных амбіцый да таго, як Пуцін прызначыў яго прэмʼер-міністрам у 2020 годзе. Ня маючы досьведу ў службах бясьпекі, ён не зьяўляецца часткай так званай фракцыі сілавікоў, якая складаецца з вэтэранаў выведкі, блізкіх да Пуціна.
Тым ня менш стрыманаму Мішусьціну прыпісваюць заслугу ў падтрыманьні эканомікі Расеі на плаве пасьля таго, як саюзьнікі Кіева ўвялі супраць Расеі санкцыі, якія значна ўскладнілі фінансаваньне расейскага бізнэсу і скарацілі рынкі для велізарных прыродных рэсурсаў краіны.
Перш чым стаць прэмʼер-міністрам, Мішусьцін дзесяць гадоў узначальваў фэдэральную падатковую службу, дзе яму прыпісваюць больш чым падваеньне даходаў.
У небясьпечны для Пуціна момант у чэрвені мінулага года, падчас мяцяжу Прыгожына, Мішусьцін сказаў, што Расея павінна абʼяднацца вакол прэзыдэнта, паколькі няўдалы мяцеж наймітаў, якія ваююць ва Ўкраіне, стаў «выклікам для яе стабільнасьці».
Форум