«Шэсьця (у Менску. — Рэд.) ня будзе. Ахвочым прапануецца прыняць удзел у мерапрыемствах „Беларусь памятае“. Разам з тым у Сьвята-Елізавецінскім манастыры адбудзецца шэсьце „Несьмяротнага палка“ да месца лягера савецкіх ваеннапалонных. На месцы лягера — літыя па забітых», — паведамілі арганізатары.
Тым ня менш расейскае агенцтва «Спутник» пазьней паведаміла, што ў Менску таксама адбылося шэсьце «Несьмяротнага палка», і апублікавала відэа ўдзельнікаў акцыі ў Менску.
Амбасада Расеі ў Беларусі публікуе фота і відэа шэсьцяў «Несьмяротнага палка» ў абласных гарадах, пра шэсьце ў Менску не паведамляецца.
У Берасьці ў шэсьці прынялі ўдзел прадстаўнікі часткова акупаванай Расеяй Запароскай вобласьці Ўкраіны, паведаміла прэс-служба амбасады Расеі і апублікавала фота.
У Магілёве да акцыі, паводле расейскай амбасады, далучыліся жыхары гораду.
Жыхары Віцебску таксама выйшлі на вуліцы з партрэтамі сваякоў, якія змагаліся на фронце, паведамілі ў амбасадзе расеі ў Беларусі. У Віцебску «Несьмяротны полк» павінен быў ісьці «за калёнай Кастрычніцкага раёну перад калёнай Першамайскага раёну» — верагодна ў рамках акцыі беларускіх уладаў «Беларусь памятае».
Шэсьце прайшло і вуліцамі Гомля.
У Горадні шэсьце прайшло ў цэнтры горада.
Пра акцыю «Несьмяротны полк»
- «Несьмяротны полк» — расейскі рух у памяць удзельнікаў так званай «Вялікай Айчыннай вайны», як у Расеі і ў беларускай прапагандзе называюць тую фазу Другой усясьветнай вайны, што праходзіла на тэрыторыі тагачаснай СССР. Удзельнікі штогод 9 траўня праходзяць калёнай па вуліцах гарадоў з фатаздымкамі ўдзельнікаў вайны. Рух заснаваны ў 2011 годзе ў Томску журналістамі Сяргеем Лапенковым, Сяргеем Калатоўкіным і Ігарам Дзьмітрыевым.
- З часам «Несьмяротны полк» перайшоў пад апеку расейскіх уладаў, у руху ўзмацніліся ідэалягічны і прапагандысцкі складнікі, маршы падтрымалі ваенную агрэсію ва Ўкраіне.
- Многія ўдзельнікі выкарыстоўваюць сымболіку часоў СССР, так званыя «георгіеўскія» (аранжава-чорныя) стужкі, якія ў 2022-ым сталі адным з сымбаляў расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, партрэты савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна і інш.
- У Беларусі акцыя «Несьмяротны полк» праводзіцца з 2012 году. Афіцыйна ўлады ў ёй ня ўдзельнічаюць, але часьцей за ўсё дазваляюць яе правядзеньне. 1 сакавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць правядзеньня такой акцыі на дзяржаўным узроўні.
- Вядома, што Менскі гарвыканкам дазволіў правядзеньне акцыі 9 траўня 2024 году з выкарыстаньнем дзяржаўнай і «патрыятычнай» сымболікі і «сымболікі Перамогі», партрэтаў сваякоў, членаў сям’і ўдзельнікаў вайны.
Форум