Менскі гарадзкі суд 3 траўня разгледзіць скаргу на адмову ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня «Несьмяротны полк». Інфармацыя пра гэта вынікае з раскладу пасяджэньняў на партале электроннага судаводзтва.
Пазоў пададзены заснавальнікамі аб’яднаньня, сярод якіх прыхільнікі сталінізму Леанід Школьнікаў, Валер Драко, Генрых Сіманоўскі, Васіль Зелікаў, Андрэй Іваноў, Аляксандар Раманькоў. У гэты ж дзень і ў гэтым жа судзе разгледзяць скаргу Алега Бакуліна, яна таксама тычыцца адмовы ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня. Пазваным у абедзьвюх справах выступае галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму.
Бакулін узначальваў ГА «Абарона правоў бацькоў і дзяцей», зарэгістраванае 12 сьнежня 1991 году і зьліквідаванае 30 кастрычніка 2023 году. Ён плянаваў зарэгістраваць «іншае грамадзкае аб’яднаньне з аналягічнымі мэтамі і задачамі», цытуе фармулёўку з аднаго з пасяджэньняў «Позірк».
Вядома, што раней Менскі гарадзкі суд сама меней 7 разоў адмаўляў у рэгістрацыі «Несьмяротнага палка».
«Несьмяротны полк» — расейскі рух у памяць удзельнікаў так званай «Вялікай Айчыннай вайны», як у Расеі і ў беларускай прапагандзе называюць тую фазу Другой усясьветнай вайны, што праходзіла на тэрыторыі тагачаснай СССР. Удзельнікі штогод 9 траўня праходзяць калёнай па вуліцах гарадоў з фатаздымкамі ўдзельнікаў вайны. Рух заснаваны ў 2011 годзе ў Томску журналістамі Сяргеем Лапянковым, Сяргеем Калатоўкіным і Ігарам Дзьмітрыевым.
З часам «Несьмяротны полк» перайшоў пад апеку расейскіх уладаў, у руху ўзмацніліся ідэалягічны і прапагандысцкі складнікі, маршы падтрымалі ваенную агрэсію ва Ўкраіне.
Многія ўдзельнікі выкарыстоўваюць сымболіку часоў СССР, аранжава-чорныя стужкі (адзін з сымбаляў расейскай агрэсіі ва Ўкраіне), партрэты савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна.
У Беларусі акцыя «Несьмяротны полк» праводзіцца з 2012 году. Афіцыйна ўлады ў ёй ня ўдзельнічаюць, але часьцей за ўсё дазваляюць яе правядзеньне. 1 сакавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць правядзеньня такой акцыі на дзяржаўным узроўні.
Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў правядзеньне акцыі 9 траўня 2024 году. Дазволена выкарыстаньне дзяржаўнай і «патрыятычнай» сымболікі і «сымболікі Перамогі», партрэтаў сваякоў, членаў сям’і ўдзельнікаў вайны.
Форум