Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дыпляматы паўдзельнічалі ў расейскіх акцыях «Несьмяротны полк» за мяжой. Шэсьці плянуюць і ў Беларусі


Акцыя «Несьмяротны полк» у Ханоі. 3 траўня 2024 году
Акцыя «Несьмяротны полк» у Ханоі. 3 траўня 2024 году

Беларускія дыпляматы прымаюць удзел у акцыях «Несьмяротны полк», арганізаванымі расейскімі амбасадамі і «Рускімі дамамі» за мяжой. Пра ўдзел у мерапрыемствах адсправаздачыліся амбасады Беларусі ў Віетнаме і ў Сырыі (Ярданіі і Лібане па сумяшчальніцтве), заўважыла Reform.news.

Супрацоўнікі беларускіх амбасадаў выйшлі на акцыі з банэрамі «Беларусь памятае» ў Ханоі і ў Амане (Ярданія). Беларускія дыпляматы былі з чырвона-зялёнымі стужачкамі, астатнія ўдзельнікі акцыі прышпілілі да адзеньня георгіеўскія стужкі.

Амбасада Беларусі ў Віетнаме заявіла, што правяла акцыю «Беларусь памятае», якая была «неад’емнай часткай шэсьця «Несьмяротны полк». Беларускія дыпляматы ў Ярданіі ня згадвалі акцыю «Беларусь памятае» і сфатаграфаваліся з банэрам «Несьмяротны полк».

Акцыі плянуюць і па ўсёй Беларусі

Старшыня Каардынацыйнай рады арганізацый расейскіх суайчыньнікаў Андрэй Герашчанка зь Віцебску паведаміў, што сёлета прарасейскія сілы Беларусі зьбіраюцца арганізаваць на 9 траўня шэсьці «Несьмяротны полк» у Менску, абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі.

«Несьмяротны полк» плянуюць правесьці ў шэрагу афіцыйных сьвяточных імпрэзаў у рамках акцыі «Беларусь памятае». Калёна «Несьмяротнага палка», як мяркуецца, будзе ісьці ў складзе калёны «Шэсьце пакаленьняў», і такі фармат, паводле Герашчанкі, нібыта нядаўна ўхваліў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з расейскім амбасадарам у Беларусі Барысам Грызловым.

Пра акцыю «Несьмяротны полк»

  • «Несьмяротны полк» — расейскі рух у памяць удзельнікаў так званай «Вялікай Айчыннай вайны», як у Расеі і ў беларускай прапагандзе называюць тую фазу Другой усясьветнай вайны, што праходзіла на тэрыторыі тагачаснай СССР. Удзельнікі штогод 9 траўня праходзяць калёнай па вуліцах гарадоў з фатаздымкамі ўдзельнікаў вайны. Рух заснаваны ў 2011 годзе ў Томску журналістамі Сяргеем Лапенковым, Сяргеем Калатоўкіным і Ігарам Дзьмітрыевым.
  • З часам «Несьмяротны полк» перайшоў пад апеку расейскіх уладаў, у руху ўзмацніліся ідэалягічны і прапагандысцкі складнікі, маршы падтрымалі ваенную агрэсію ва Ўкраіне.
  • Многія ўдзельнікі выкарыстоўваюць сымболіку часоў СССР, так званыя «георгіеўскія» (аранжава-чорныя) стужкі, якія ў 2022-ым сталі адным з сымбаляў расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, партрэты савецкага дыктатара Ёсіфа Сталіна і інш.
  • У Беларусі акцыя «Несьмяротны полк» праводзіцца з 2012 году. Афіцыйна ўлады ў ёй ня ўдзельнічаюць, але часьцей за ўсё дазваляюць яе правядзеньне. 1 сакавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка выказаўся супраць правядзеньня такой акцыі на дзяржаўным узроўні.
  • Вядома, што Менскі гарвыканкам дазволіў правядзеньне акцыі 9 траўня 2024 году з выкарыстаньнем дзяржаўнай і «патрыятычнай» сымболікі і «сымболікі Перамогі», партрэтаў сваякоў, членаў сям’і ўдзельнікаў вайны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG