Пра гэта ў праграме «Пік Свабоды» разважае Валеры Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
- На жаль, мы маем верагодную інфармацыю, што ў Расеі і Беларусі па-ранейшаму разглядаюць пляны і вядуць падрыхтоўку да нападу на Літву. Я зьвяртаўся найперш да беларусаў, каб людзі разумелі небясьпеку. Мы можам уплываць на гэта працэс, бо кожны вайсковец, які ўдзельнічае ў гэтай падрыхтоўцы, мае блізкіх людзей, сяброў, аднаклясьнікаў, якія могуць раскрыць яму вочы і патлумачыць наступствы такіх дзеяньняў.
- Балтыйскія дзяржавы вельмі сур'ёзна глядзяць на гэтае пытаньне — разгортваецца брыгада нямецкага бундэсвэру ў Літве і канадзкая брыгада ў Латвіі, будуецца абарона, NATO ладзіць вучэньні. Я разьлічваю, што гэты комплекс мерапрыемстваў ахалодзіць дыктатараў і такога сцэнару не адбудзецца.
- Расейцы цяпер адпрацоўваюць сцэнары ўжываньня тактычнай ядзернай зброі і пераадоленьня ўчасткаў радыеактыўнага заражэньня. Гэта вельмі трывожна для нас, бо выглядае, што яны ўсё ж разьмясьцілі такую зброю на тэрыторыі нашай краіны.
- Інфармацыю пра плянаваныя напады на абʼекты крытычнай энэргетычнай інфраструктуры Беларусі мы атрымалі ад некалькіх крыніц у праваахоўных органах эўрапейскіх краінаў. Кампэтэнтнасьць гэтых органаў не выклікае ў мяне ніякага сумневу.
- Мой ліст, які трапіў у прэсу, — гэта толькі адзін з пунктаў мерапрыемстваў, якія мы робім, каб перадухіліць такі акт. Мы зрабілі гэта на просьбу нашых эўрапейскіх партнэраў і скаардынавана зь імі. Гэта прафіляктычны крок, каб патлумачыць усім, чаму гэтага нельга рабіць і якія могуць быць наступствы.
- Абсалютна дакладна, што падрыхтоўка да такога акту вялася. Але выгадна гэта можа быць толькі Расейскай Фэдэрацыі, бо ўрады ніводнай з краінаў, якія мяжуюць зь Беларусьсю, афіцыйна не дапусьцяць нейкіх варожых дзеяньняў у адносінах да Беларусі. Расеі выгадна зрабіць правакацыі, каб адцягнуць увагу ад сваіх дзеяньняў ва Ўкраіне і ўцягнуць Беларусь у канфлікт.
- Што тычыцца нападак, быццам я супрацоўнічаю з КДБ, — калі б так было, я б, напэўна, ціхенька накіраваў гэтую інфармацыю ў КДБ. Але я адрасна накіраваў гэтую інфармацыю парамілітарным фармаваньням і беларускім арганізацыям, дзе ёсьць людзі, здольныя зрабіць такія рэчы. Мы нікога не абвінавачвалі. Мы проста патлумачылі, што калі такое адбудзецца, дык могуць быць сурʼёзныя наступствы.
- Людзі, якія апублікавалі гэты ліст, спрацавалі на руку КДБ. Мне дзіўна было бачыць рэакцыю некаторых нашых так званых дэмакратычных сродкаў масавай інфармацыі. Мне здаецца, што яны праявілі нясьпеласьць. Разумею, што, напэўна, павышаецца колькасьць праглядаў, калі ў загалоўку буйнымі літарамі напісаць маё прозьвішча і побач абрэвіятуру КДБ.
- Раней [былы камандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны] Валеры Фёдаравіч [Залужны] трошкі камплексаваў, бо яму як вайскоўцу было ня вельмі добра камунікаваць з замежнікам. Таму я сам асабліва не напружваў яго камунікацыяй. Пасьля ягонага звальненьня нашыя кантакты зрабіліся часьцейшымі і выйшлі на лепшы ўзровень. Мы ў цудоўных адносінах з Валерыем Фёдаравічам і з шэрагам іншых вайсковых кіраўнікоў Украіны, і я лічу, што ад гэтага ёсьць вялікая карысьць для справы.
- Дэсантна-штурмавая рота «Беларусь» — гэта адзінае фармаваньне беларускіх добраахвотнікаў, якое ад моманту ўтварэньня 15 сакавіка мінулага году няспынна знаходзіцца на фронце, як і ўся 79-я дэсантна-штурмавая брыгада УСУ. Без ратацыі — людзі ня маюць магчымасьці адпачываць паміж выкананьнем баявых задачаў. Нават калі людзі выходзяць з «нуля», яны ўсё адно знаходзяцца ў зоне абстрэлаў артылерыі, ня кажучы пра іншае.
- Я задаволены тым, як разьвіваецца падразьдзяленьне. Я не займаўся агітацыяй, каб беларусы ехалі ва Ўкраіну, нікога не заклікаў гэта рабіць, але зрабіў усе крокі для таго, каб людзі, якія ўжо там апынуліся, не загінулі.
- Беларусаў ва Ўкраіне ня так шмат. Усе адзін аднаго ведаюць — хто дзе знаходзіцца, чым займаецца, якая дзе сытуацыя. На ўзроўні салдатаў кантакты нармальныя, ёсьць узаемаразуменьне і ўзаемная павага. На ўзроўні кіраўніцтва фармаваньняў ужо ролю адыгрывае палітыка. Сіламі розных субʼектаў — ад КДБ Беларусі да некаторых людзей, якія лічаць сябе змагарамі за дэмакратыю — мы стварылі «бульбасрач», і адносіны наладжваць ня так проста. Але я лічу, што гэта пытаньне часу, калі гэтыя адносіны наладзяцца, у тым ліку паміж кіраўнічымі структурамі.
- Я глыбока перакананы, што сытуацыя ў Беларусі ня мае чыста ваеннага рашэньня. Даволі вялікая колькасьць грамадзян Беларусі, у тым ліку большасьць сілавікоў, падтрымлівае Лукашэнку. Сілавікі папросту ня бачаць яму альтэрнатывы на сёньняшні дзень. Нічога ня зьменіцца, пакуль ня зьявіцца іншы, больш адэкватны цэнтар сілы з сурʼёзным патэнцыялам, які дагрукаецца найперш да сілавікоў і агулам да грамадзян, якія называюць сябе «ябацькамі».
- Па-першае, за мяжой немагчыма сабраць нейкую сурʼёзную беларускую армію. Па-другое, ніводная з краін, якія мяжуюць зь Беларусьсю, не дазволіць гэтай арміі перайсьці мяжу і ўвайсьці ў Беларусь. Але нават калі б гэта здарылася, гэта будзе ўспрынята як замежная ваенная інтэрвэнцыя, і наступствы будуць жахлівымі. Гэта апошняе, чаго я жадаў бы сваёй Радзіме.
- Я лічу, што існуе сцэнар пошуку кампрамісаў, грамадзянскай згоды і ліквідацыі расколу ў грамадзтве. І я буду рабіць усё, каб падзеі разьвіваліся менавіта паводле гэтага сцэнару. Хопіць забіваць людзей і ламаць чалавечыя лёсы. Я на сваім месцы раблю ўсё магчымае, каб мы пачулі адзін аднаго з вайскоўцамі, якія цяпер знаходзяцца ўнутры Беларусі і носяць пагоны. Каб мы зразумелі, што мы ня ворагі адзін аднаму. Трэба шукаць кампрамісы, і тады мы маем шанец дастаткова хутка пабудаваць нармальную, эфэктыўную, разьвітую дзяржаву, дзе людзі будуць жыць заможна, у міры і ў прававым полі.
Форум