Пра гэта заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык на фоне абнародаваньня гэтага дакумэнта, піша Позірк.
«Адпаведная інфармацыя была атрыманая з афіцыйных крыніц у кампэтэнтных ведамствах шэрагу заходніх краін, — адзначыў палітык у сваім тэлеграм-канале. — У сувязі з гэтым усе, хто мог быць неяк зьвязаны з гэтай сытуацыяй, былі апавешчаныя пра магчымыя наступствы. Мы не абвінавачвалі і ня шкодзілі іміджу адрасатаў, а наадварот, зрабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб перадухіліць вельмі нэгатыўныя для іх наступствы з боку заходніх краін-партнэраў, прычым выключна ў канфідэнцыйным парадку».
Паводле яго, «гаворка ішла аб прафіляктычным прававым інфармаваньні, абароне жыцьцяў беларусаў і перадухіленьні ваеннай эскаляцыі, якая выключна ў інтарэсах Расеі».
Дэпартамэнт нацыянальнай бясьпекі Беларусі (структура, якую ўзначальвае Сахашчык) працягне «выконваць свае абавязкі ў перадухіленьні любых правакацый, здольных нанесьці шкоду беларусам і гуляць на руку рэжымам Лукашэнкі і Пуціна», гаворыцца ў заяве.
«Шкода нашай агульнай справе была нанесена ня нашым дакумэнтам, а асобамі, якія арганізавалі яго выцек у СМІ і КДБ, а таксама дапусьцілі публікацыю дакумэнта», — лічыць палітык. Ён заклікаў незалежныя мэдыя «не публікаваць дакумэнты з грыфам сакрэтнасьці і не правакаваць тым самым канфліктную сытуацыю ўнутры дэмакратычных сіл».
На Ўсебеларускім народным сходзе 25 красавіка старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, што спэцслужба нібыта перадухіліла ўдары з тэрыторыі Літвы баявымі дронамі па аб’ектах у Менску і навакольлях. Літоўскі сілавы блёк назваў гэта дэзынфармацыяй, МЗС уручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю дыпляматычную ноту з патрабаваньнем «неадкладна абвергнуць дэзынфармацыю».
На наступны дзень тэлеканал «Белсат» паведаміў, што ў яго распараджэньні апынуўся падпісаны Сахашчыкам ліст з папярэджаньнем пра «падрыхтоўку акту агрэсіі». Палітык пацьвердзіў сапраўднасьць дакумэнта, але «вельмі прасіў яго не публікаваць» і ад далейшых камэнтароў адмовіўся.
Позна ўвечары 28 красавіка фатакопія дакумэнта зьявілася ў адкрытым доступе. У ім выканаўцамі патэнцыйнага нападу на энэргааб’ект названая «група асоб з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі краін ЭЗ», якая нібыта «афіляваная з адным з вайскова-патрыятычных клюбаў беларускіх апазыцыйных ініцыятыў у Польшчы і Літве. Прадстаўнікі абедзьвюх згаданых у лісьце структур абверглі дачыненьне да такіх плянаў.
Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) «пакуль не камэнтуе» ліста прадстаўніка АПК у абароне і нацыянальнай бясьпецы Валера Сахашчыка, які зьявіўся ў інтэрнэце, з папярэджаньнем пра «падрыхтоўку акту агрэсіі» на тэрыторыі Беларусі.