Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт не прызнаў вынікі выбараў у Грузіі. Грузія прыпыніла перамовы аб уступленьні ў ЭЗ да 2028 году


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дэбаты па сытуацыі ў Грузіі ў Эўрапарлямэнце. 13 лістапада 2024 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дэбаты па сытуацыі ў Грузіі ў Эўрапарлямэнце. 13 лістапада 2024 году

Эўрапарлямэнт зацьвердзіў рэзалюцыю, якая не прызнае вынікі парлямэнцкіх выбараў у Грузіі і заклікае да незалежнага, міжнароднага і празрыстага расьсьледаваньня абвінавачаньняў у маніпуляцыях з вынікамі галасаваньня 26 кастрычніка, а таксама да правядзеньня новых выбараў.

У рэзалюцыі Эўрапарлямэнту зазначаецца, што Грузія, краіна-кандыдат на ўступленьне ў Эўразьвяз, правяла выбары, якія «не адпавядалі міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў і яе абавязаньням як дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ па правядзеньні свабодных і сумленных выбараў».

У дакумэнце таксама гаворыцца, што зафіксаваныя падчас галасаваньня парушэньні несумяшчальныя са стандартамі, якія чакаюцца ад краіны-кандыдата ў ЭЗ.

Эўрапарлямэнт таксама заклікаў Эўразьвяз увесьці санкцыі супраць кіраўніцтва парлямэнту Грузіі і кіроўнай партыі «Грузінская мара». Яны, на думку Эўрапарлямэнту, нясуць адказнасьць за антыдэмакратычныя дзеяньні.

Рэзалюцыя таксама зьмяшчае заклік да Эўрапейскай камісіі і Эўрапейскай рады перагледзець бязьвізавы рэжым для грамадзян Грузіі, калі стандарты ЭЗ у галіне дэмакратычнага кіраваньня і свабодаў ня будуць выкананыя.

Дакумэнт мае рэкамэндацыйны характар, але можа паўплываць на рашэньні эўрапейскіх краінаў, якія прымаюцца ў дачыненьні да Грузіі.

Прэм’ер Грузіі: перамовы па ўступленьні ў Эўразьвяз прыпыняюцца да 2028 году

Грузія адмаўляецца ад перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз да 2028 году, заявіў 28 лістапада прэм’ер-міністар краіны Іраклі Кабахідзэ. Да гэтага часу ўрад плянуе адмовіцца ад бюджэтных грантаў з боку Эўразьвязу.

Паводле яго, для Грузіі «абсалютна непрымальна» разглядаць інтэграцыю ў ЭЗ як «міласьціну, якую Эўрапейскі Зьвяз павінен нам даць».

Кіраўнік грузінскага ўраду адзначыў таксама, што абмеркаваньне перамоваў з ЭЗ стала інструмэнтам для ціску і расколу грамадзтва, аналягічна таму, як раней выкарыстоўвалася тэма наданьня Грузіі статусу кандыдата на ўступленьне ў ЭЗ.

  • 28 лістапада парлямэнт Грузіі зацьвердзіў новы склад ураду на чале з прэм’ер-міністрам Іракліем Кабахідзэ. Падчас свайго выступу ён паабяцаў перазагрузку стасункаў з ЗША і Эўразьвязам. Гаворачы пра адносіны з Масквой, прэм’ер заявіў, што трэба прытрымлівацца «прагматычнай палітыкі». «Урэгуляваньне канфлікту паміж Грузіяй і Расеяй застанецца, вядома, адным з найважнейшых прыярытэтаў», — зазначыў Кабахідзэ. Ён дадаў, што ў Тбілісі ёсьць свае чырвоныя лініі, якія зьвязаныя «з дэакупацыяй грузінскіх земляў».
  • У сэсіях парлямэнту ўдзельнічаюць толькі дэпутаты «Грузінскай мары». Чатыры апазыцыйныя партыі, якія прайшлі па выніках выбараў у парлямэнт, не прызнаюць вынікі выбараў і байкатуюць паседжаньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG