«Нямеччына цьвёрда стаіць на баку краінаў Балтыі», — заявіў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц на вайсковым палігоне ў літоўскім Пабрадзе, дзе 6 траўня ён наведаў вайскоўцаў бундэсвэру і сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, паведамляе dpa.
Цяпер у Літве ў буйных вучэньнях NATO удзельнічаюць вайскоўцы 10-й бранятанкавай дывізіі бундэсвэру.
«Мы забясьпечваем адзін аднаму абарону, і ўсе дзяржавы могуць спадзявацца на нас, каб абараніць кожны сантымэтар сваёй тэрыторыі», — заявіў Шольц, гаворачы пра краіны-сябры NATO.
У сувязі з асьцярогамі краінаў Балтыі, якія мяжуюць з Расеяй і баяцца, што ваенная агрэсія Крамля ня спыніцца на Ўкраіне, Нямеччына рыхтуецца разьмясьціць у Літве пастаянную брыгаду бундэсвэру колькасьцю каля 4800 салдат. Вайскоўцы ўжо пачалі прыбываць у Літву. Задача — да 2027 году прывесьці іх у поўную баявую гатоўнасьць.
Падчас сустрэчы з Гітанаўсам Наўседам канцлер Нямеччыны падкрэсьліў важнасьць далейшага наданьня вайсковай дапамогі Ўкраіне, асабліва што тычыцца сродкаў супрацьпаветранай абароны ад расейскіх нападаў. Тое, што Нямеччына перадае Ўкраіне трэцюю сыстэму СПА Patriot, паводле Шольца, павінна служыць прыкладам для іншых.
Шольц таксама адзначыў, што Нямеччына цяпер інвэстуе вялікія сродкі ў пашырэньне свайго абароннага патэнцыялу.
«Гэта таксама зьвязана з рашэньнем аб тым, што інвэстыцыі ў Бундэсвэр будуць складаць 2% нашай эканамічнай прадукцыі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, год за годам», — сказаў ён пра пляны Нямеччыны.
Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы Оляф Шольц плянуе адправіцца ў сталіцу Латвіі Рыгу, дзе сустрэнецца з прэм’ер-міністрамі Латвіі — Эвікай Сіліня, Эстоніі — Каяй Калас і Літвы — Інгрыдай Шыманіце. Перамовы будуць сканцэнтраваныя на пытаньнях бясьпекі.
Форум