Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 пацярпелых падчас пратэстаў у Тбілісі шпіталізавалі. У парлямэнце Грузіі абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі

абноўлена

Разгон акцыі пратэсту ў ноч на 1 траўня 2024 году, Тбілісі
Разгон акцыі пратэсту ў ноч на 1 траўня 2024 году, Тбілісі

Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра шпіталізацыю 15 пацярпелых падчас акцыі пратэсту супраць закону аб «іншаземных агентах» каля парлямэнту ў Тбілісі.

«Шпіталізацыя спатрэбілася 15 чалавекам, зь іх 6 — супрацоўнікі праваахоўных органаў, 5 — грамадзяне», — паведаміў міністар аховы здароўя Грузіі Міхаіл Сарджвэладзэ.

Паводле міністра, у пацярпелых «розная ступень пашкоджаньняў, таму ў кагосьці лячэньне праходзіць значна лягчэй, у кагосьці можа быць працяглым, але гэтыя траўмы не зьяўляюцца сурʼёзнымі і небясьпечнымі для жыцьця».

Тысячы чалавек сабраліся ўвечары 1 траўня ля парлямэнту Грузіі, патрабуючы адклікаць закон, які ў народзе празвалі «расейскім». Удзельнікі акцыі пратэсту супраць закону аб «іншаземных агентах», а таксама праваабаронцы і іншыя назіральнікі заяўляюць, што мітынг быў мірны, а прадстаўнікі спэцатраду МУС ужылі непрапарцыйную сілу падчас яго разгону, піша грузінская служба Радыё Свабода «Эхо Кавказа».

Паводле МУС Грузіі, дэманстранты спрабавалі ўварвацца ў будынак парлямэнту. Спэцназ прымяніў вадамёты, сьлезацечны газ і пярцовы спрэй да дэманстрантаў каля службовых уваходаў у будынак. Паведамлялася таксама пра факты выкарыстаньня гумовых куляў. І хоць СМІ паказвалі кадры пацярпелых ад іх, у МУС Грузіі адмаўляюць выкарыстаньне гумовых куляў супраць пратэстоўцаў, «нягледзячы на тое, што былі ўсе законныя падставы для іх прымяненьня».

У той жа час розныя СМІ распаўсюдзілі кадры, на якіх паліцыянты выкарыстоўваюць грубую сілу супраць удзельнікаў акцыі, у прыватнасьці штурхаюць іх, кідаюць на зямлю і нават бʼюць па твары. Таксама былі пабітыя апазыцыйныя дэпутаты — лідэр «Нацруху» Леван Хабеішвілі і лідэр партыі «Макалаке» («Грамадзяне») Алека Элісашвілі.

Лідэр «Нацруху» Леван Хабеішвілі
Лідэр «Нацруху» Леван Хабеішвілі

63 затрыманыя пратэстоўцы — такая статыстыка МУС Грузіі пасьля разгону дэманстрацыі ў ноч на 1 траўня.

У парлямэнце Грузіі паведамілі пра чырвоны ўзровень небясьпекі, які будзе дзейнічаць 2 траўня на тэрыторыі заканадаўчага органу да 14:00. Падчас яго дзеяньня ў парлямэнт не дапусьцяць нікога, за выключэньнем асобаў, вызначаных кіраўніком апарату парлямэнту. Супрацоўнікаў парлямэнту пусьцяць у будынак толькі пасьля таго, як набудзе моц жоўты ўзровень бясьпекі.

Заплянаваныя ў парлямэнце мерапрыемствы — бюро і пленарныя пасяджэньні — адмянілі, паведамляюць у прэс-цэнтры парлямэнту, піша «Эхо Кавказа».

Цяпер на тэрыторыі парлямэнту «вядуцца работы па прыбіраньні і рэстаўрацыі» будынку. «1 траўня ў выніку нападу ўдзельнікаў акцыі пратэсту на Палац парлямэнту Грузіі будынку і інфраструктуры парлямэнту была нанесеная шкода», — гаворыцца ў заяве прэс-цэнтру.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG