Раней сёньня прэм'ер-міністар Грузіі Іраклій Кабахідзэ заявіў, што галасаваньне па законапраекце ў трэцім, канчатковым чытаньні адбудзецца праз два тыдні.
«Дэманстрацыі, вядома, будуць і сёньня, і падчас трэцяга чытаньня, і падчас пераадоленьня вета [прэзыдэнта]. Але мы гэты закон, вядома, прымем, у гэтым выпадку будзе некалькі дзён дыскамфорту. Аднак у доўгатэрміновай перспэктыве мы на гады застрахуем гэтую краіну ад палярызацыі і радыкалізму», – заявіў ён.
Прэзыдэнт краіны Саламэ Зурабішвілі паабяцала накласьці на дакумэнт вета, калі ён будзе прыняты ў трэцім чытаньні. У кіруючай партыі «Грузінская мара» тым ня менш ёсьць дастаткова галасоў у парлямэнце для пераадоленьня прэзыдэнцкага вета.
Між тым ля сьцен грузінскага парлямэнта не спыняюцца акцыі пратэсту. Paper Kartuli піша, што ўвесь двор перад будынкам парлямэнта забіты сілавікамі.
Днём у Тбілісі людзі стаялі ў чэргах за рэсьпіратарамі, рыхтуючыся да ўдзелу ў дэманстрацыях, падчас якіх сілавікі могуць прымяніць супраць пратэстоўцаў газ, як гэта было напярэдадні.
Увечары сутыкненьні паміж дэманстрантамі і сілавікамі працягнуліся. МУС Грузіі заявіла, што сілавікі прымянілі супраць пратэстуючых пярцовы газ і вадамёты з-за таго, што «ўдзельнікі мітынгу праявілі агрэсіўнасьць і паспрабавалі пашкодзіць жалезныя дзьверы ўваходу ў заканадаўчы орган».
Форум