Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам». Лукашэнка прыгразіў беларусам замежжа рэпрэсіямі супраць іх родных і пазбаўленьнем маёмасьці


Аляксандар Лукшэнка падчас выступу на VII Усебеларускім народным сходзе, 25 красавіка 2024 году
Аляксандар Лукшэнка падчас выступу на VII Усебеларускім народным сходзе, 25 красавіка 2024 году

Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні VII Усебеларускага народнага сходу 25 красавіка прыгразіў беларусам, якія выехалі за мяжу і «выношваюць пляны супраць Беларусі», рэпрэсіямі супраць іхных сваякоў, а таксама пазбаўленьнем іх уласнасьці.

Гаворачы пра беларусаў замежжа і дэмакратычныя сілы, Лукашэнка заявіў, што «дзеля зьмены ўлады ў Беларусі яны сапраўды гатовыя на ўсё» і цяпер нібыта «карэктуюць асноўныя кірункі сілавога сцэнару адпаведных дзеяньняў» і «арганізацыю «„нацыянальна-вызваленчага руху“ на тэрыторыі Беларусі» — у сувязі з гэтым Лукашэнка згадаў так званы плян «Перамога 2.0».

Таксама Лукашэнка заявіў пра падрыхтоўку «беларускага вызваленчага войска», аснову якога павінны скласьці полк Каліноўскага і іншыя добраахвотніцкія фармаваньні, навучаньне і вайсковую падрыхтоўку беларусаў у Польшчы, краінах Балтыі, «іншых эўрапейскіх дзяржавах» і прыгразіў ім наступствамі, адзначыўшы, што «размова зь імі ня будзе доўгай».

«Не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам. Не забывайце, што ў вас нейкая ўласнасьць ёсьць тут (у Беларусі. — Рэд.), раю ўжо забыцца пра гэтую ўласнасьць. Але ня стаўце пад удар сваіх сваякоў», — дадаў Лукашэнка.

  • З 2020 году зь Беларусі з прычыны палітычных рэпрэсіяў, паводле розных падлікаў, зьехалі ад 350 да 500 тысяч чалавек. І ў 2024 годзе правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму парушаюцца, асноўныя свабоды знаходзяцца ў крытычна ўразьлівым становішчы, бесперапынна адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненьні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў, адзначаюць праваабронцы «Вясны».
  • Па стане на 25 красавіка, у Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца 1398 палітвязьняў, афіцыйна прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Акрамя таго, па стане на канец сакавіка сама меней 1 680 палітвязьняў ужо выйшлі зь месцаў зьняволеньня. Рэальная колькасьць палітвязьняў у Беларусі можа быць большай, адзначаюць праваабаронцы.
  • Палітычных апанэнтаў рэжыму, якія знаходзяцца за мяжой, у Беларусі пачалі судзіць завочна ў рамках так званага «спэцыяльнага вядзеньня». Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму) і інш.
  • Таксама вядомыя выпадкі, калі праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, якія знаходзяцца за мяжой або ў зьняволеньні, канфіскоўвалі іх маёмасьць у Беларусі, а пасьля прадавалі з аўкцыёнаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG