Абмеркаваньне прапановаў чакаецца на гэтым тыдні ў Эўракамісіі з удзелам прадстаўнікоў усіх 27 краінаў Эўразьвязу. Паводле адной з крыніцаў Радыё Свабода, ня ўсе зь іх, хутчэй за ўсё, будуць ухваленыя.
Прапануецца пашырыць сьпіс высокатэхналягічных тавараў, экспарт якіх у Беларусь будзе забаронены. У прыватнасьці, прапануецца забараніць:
- Экспарт у Беларусь тавараў, якія павялічваюць прамысловы патэнцыял
- Экспарт так званых «тавараў раскошы»
- Экспарт тавараў для авіяцыйнай і аэракасьмічнай прамысловасьці
- Экспарт тавараў для нафтагазавай прамысловасьці
- Экспарт тавараў і тэхналёгій для мараходнай прамысловасьці
Таксама прапануецца забараніць уезд у Эўразьвяз прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Беларусі, і пашырыць забароны для фінансавага сэктару Беларусі — у прыватнасьці на прыём дэпазытаў зь Беларусі.
Адзначаецца, што апошнім часам Беларусь значна нарасьціла імпарт шэрагу тавараў, у тым ліку аптычных прыбораў і дэталяў для грузавікоў, а гэтыя тавары могуць выкарыстоўвацца Расеяй у яе вайне супраць Украіны.
Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.