Гэта адбылося на цырымоніі ў Белым доме ў прысутнасьці навучэнцаў і выкладчыкаў, піша «Настоящее время».
Як адзначае Reuters, гэтае рашэньне было часткай перадвыбарных абяцаньняў Трампа, які ўступіў на пасаду прэзыдэнта два месяцы таму.
«Мы проста зьбіраемся вярнуць адукацыю назад у штаты, дзе яна і павінна быць», — заявіў Трамп, назваўшы рашэньне правільным і дадаўшы, што яно мае быць выканана як мага хутчэй.
Указ амаль цалкам перадае кіраваньне сфэрай адукацыі ў рукі штатаў і мясцовых радаў. Для поўнага закрыцьця ведамства спатрэбіцца адпаведны акт амэрыканскага Кангрэсу, аднак, нягледзячы на большасьць рэспубліканцаў у абедзьвюх палатах, Трампу можа не хапіць галасоў заканадаўцаў, паведамляе Reuters.
Белы дом сьцьвярджае, што ліквідацыя дэпартамэнту палепшыць вынікі тэставаньня навучэнцаў і зэканоміць грошы, але дэмакраты і іншыя крытыкі гэтага кроку сьцьвярджаюць, што мера паставіць у цяжкае становішча найбольш уразьлівыя катэгорыі студэнтаў.
Чым займаецца фэдэральны Дэпартамэнт адукацыі ЗША?
Як адзначае Reuters, пад кантролем ведамства знаходзяцца 100 тысяч дзяржаўных і 34 тысячы прыватных школ ЗША. Дэпартамэнт адказвае за разьмеркаваньне фэдэральнай фінансавай дапамогі на адукацыю. Пры гэтым 85 працэнтаў фінансаваньня дзяржаўных школ забясьпечваюць штаты і мясцовыя органы ўлады.
Дэпартамэнт дапамагае школам, дзе вучацца дзеці зь бедных сем’яў ці навучэнцы з абмежаванымі магчымасьцямі. Акрамя гэтага, ён апякуецца праграмай студэнцкіх крэдытаў на $1,6 трыльёна, якой могуць скарыстацца тыя, хто ня можа аплаціць навучаньне.
Адна з крыніц у адміністрацыі Трампа сказала газэце WSJ, што праграмы, якія складаюць большую частку бюджэту фэдэральнага дэпартамэнту, ня будуць закранутыя. Як гэта будзе рэалізавана на практыцы, калі ведамства ўсё ж зьліквідуюць, яна не ўдакладніла.
У 2024 годзе Дэпартамэнту адукацыі было вылучана $238 мільярдаў, што складае 2% ад усяго фэдэральнага бюджэту ЗША. Пасьля інаўгурацыі Трампа ў студзені сёлета штат ведамства скараціўся ўдвая — з 4133 да 2183 чалавек.
Чым незадаволены Трамп?
Прэзыдэнт ЗША лічыць гэтае фэдэральнае ведамства «вялікай афэрай», ён спрабаваў закрыць яго яшчэ падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну, але тады яго рашэньне не падтрымаў Кангрэс ЗША.
Трамп абвінавачваў дэпартамэнт у тым, што ён навязвае маладым людзям «непрымальныя расавыя, сэксуальныя і палітычныя матэрыялы». Пры гэтым ведамства не адказвае за навучальныя праграмы і ўнутраную будову школаў, гэтым займаюцца штаты і мясцовыя ўлады.
Гістарычна рэспубліканцы выступаюць супраць цэнтралізаванай адукацыі і дзяржаўных школаў, а падтрымліваюць прыватныя, у тым ліку рэлігійныя ініцыятывы.
Ці можа Трамп закрыць фэдэральнае ведамства сваім указам?
Паводле закону фэдэральны Дэпартамэнт адукацыі ня можа быць зьліквідаваны без ухваленьня Кангрэсу. У Сэнаце за рашэньне Трампа павінны прагаласаваць 60 чалавек. Цяпер у рэспубліканцаў 53 месцы ў Сэнаце са 100. Гэта значыць, што закрыцьцё міністэрства мелі б падтрымаць яшчэ сем дэмакратаў.
Але і безь ліквідацыі дэпартамэнту адміністрацыя Трампа можа ўплываць на яго працу, напрыклад, скараціць супрацоўнікаў, якія не падзяляюць яе поглядаў, ці прызначыць новых.
Акрамя гэтага, Трамп падчас перадвыбарнай кампаніі казаў, што можа выкарыстоўваць сыстэму акрэдытацыі ўнівэрсытэтаў, у якой таксама ўдзельнічае дэпартамэнт адукацыі, як «сакрэтную зброю».
Форум