«ААТ „Менскі завод колавых цягачоў“ займаецца пастаўкай спэцыяльных аўтамабільных шасі для пакістанскай праграмы па стварэньні балістычных ракет вялікай далёкасьці», — гаворыцца ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту ЗША.
Гэтыя шасі, паводле Дзярждэпартамэнту, Комплекс нацыянальнай абароны Пакістану выкарыстоўвае ў складзе пускавога абсталяваньня.
Акрамя Менскага завода колавых цягачоў, у амэрыканскі санкцыйны сьпіс трапілі тры кампаніі з Кітаю, іх абвінавачваюць у перадачы Пакістану ракетнага абсталяваньня.
Менскі завод колавых цягачоў з 2022 году знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну.
У спробе пераарыентавацца на рынкі ў тым ліку азіяцкіх дзяржаваў прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі ў 2023 годзе неаднойчы праводзілі перамовы з уладамі Пакістану.
У даведачным матэрыяле да 30-годзьдзя беларуска-пакістанскіх адносінаў, які ў лютым 2024 году выпусьціў Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў у Ісламабадзе, гаворыцца, што «за першыя 5 месяцаў 2023 году ўзаемны гандаль вырас на 30%, а беларускі экспарт у Пакістан павялічыўся ў 1, 5 разоў у параўнаньні з папярэднім годам». У дакумэнце, сярод іншага, адзначаецца, што ў апошнія гады «назіраецца ўмацаваньне ваеннага супрацоўніцтва» паміж Беларусьсю і Пакістанам.