Наконт гэтых пытаньняў Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» спрачаюцца рэдактарка выданьня «Plan B.», былая палітзьняволеная Вольга Лойка і праўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Міхаіл Кірылюк.
— Учора ЗША і Канада ўвялі новыя пакеты санкцыяў адносна Беларусі. Гэта нагода пагаварыць, падыскутаваць пра ўплыў санкцыяў на эканоміку, бізнэс і грамадзтва краіны.
— Тэза:
Санкцыі руйнуюць беларускую эканоміку, шкодзяць беларускаму бізнэсу.
Лойка: Часткова з гэтым можна пагадзіцца. Санкцыі сапраўды могуць парушаць вытворчыя, каапэрацыйныя ланцужкі. Пытаньне — у маштабах. Нехта скажа, што санкцыі — гэта вялікія магчымасьці, у тым ліку і магчымасьці іх абыходу. Нехта на гэтым добра зарабляе, і часта гэта менавіта тыя людзі, якія паводле задумы ад санкцыяў мусілі пацярпець.
Санкцыі спараджаюць праблемы збыту калійных угнаеньняў і закупак камплектуючых для машынабудаваньня. Нейкі імпарт удалося замясьціць, часам гэта даражэй і горш паводле якасьці. Але эканоміка не спынілася і ўсё ня так кепска, як маглі б разьлічваць тыя, хто мяркуе, што санкцыі — гэта добры інструмэнт уплыву.
Кірылюк: Ці шкодзяць санкцыі беларускай эканоміцы? І так, і не. Але, гаворачы пра шкоду, трэба задаваць пытаньне — у параўнаньні з чым?
Мэта санкцыяў — зьмяніць рэжым Лукашэнкі, вызваліць палітвязьняў з-за кратаў і дапамагчы збудаваць свабодную, эфэктыўную эканоміку.
Калі разважаць над тым, што больш руйнуе беларускую эканоміку, дык гэта эканамічная палітыка Лукашэнкі пачынаючы з 1994 году. Гэтая палітыка наносіла грамадзтву і беларускаму падаткаплатніку нашмат больш шкоды, чым любыя санкцыі.
У 2018–2019 гадах я працаваў антыкрызісным мэнэджарам. Да мяне зьвярнуліся з пытаньнем, чаму інвэстыцыі ў Беларусь упалі амаль да нуля. Я тлумачыў чыноўнікам, што калі яны адбіраюць у людзей ня толькі іх інвэстыцыі, але і іх маёмасьць, інвэстары будуць сыходзіць.
Вольга мае рацыю — санкцыі можна абыходзіць, і іх абыходзяць. Але гэта праблема слабых, недастатковых санкцыяў. І таму санкцыі не дасягнулі мэты.
— Тэза:
Менавіта санкцыі паглыбляюць залежнасьць Беларусі ад Расеі, у тым ліку і залежнасьць беларускага бізнэсу ад расейскага
Кірылюк: На мой погляд, галоўная прычына павелічэньня гэтай залежнасьці — падзеі 2022 году, поўнамаштабная вайна Расеі з Украінай, тое, што Беларусь дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю для нападу на Ўкраіну.
Беларусь стала саўдзельніцай Расеі. І натуральна, што шмат кампаніяў адмовіліся супрацоўнічаць зь ёю. І ў 2022 годзе сышло больш кампаніяў, чым пасьля рэпрэсіяў, захопу самалёта і штучнага міграцыйнага крызісу.
Зараз можна сказаць, што ў Лукашэнкі няма іншага выйсьця, акрамя Расеі. Але можна спытаць — а што такое здарылася, што Захад адмовіўся зь ім гандляваць? Адказ — саўдзел у расейскай агрэсіі.
Ягоная эканамічная мадэль з 1994 году будавалася на сувязі з Расеяй. Расея дае танныя энэрганосьбіты, і мы за кошт гэтага жывём. І менавіта цяпер мы плацім за гэтую шматгадовую палітыку.
Лойка: Доля РФ у таваразвароце Беларусі цяпер каля дзьвюх трацінаў. І справа тут і ў санкцыях у тым ліку. Гэтая залежнасьць Беларусі некамфортная і для Беларусі, і для Лукашэнкі.
Цяпер спрабуюць актыўна гандляваць з Афрыкай. Гэта некамфортна хаця б з прычыны лягістычнага пляча.
У Расеі дыктуюць умовы ўласныя вытворцы. Умовы ўсё роўна няроўныя. Як бы Лукашэнка ні абдымаўся з Пуціным, газу па цане Смаленскай вобласьці ўсё роўна няма. Беларусаў на расейскім рынку ціснуць кітайцы і туркі.
Тут праблема і ў розных схемах санкцыяў адносна Беларусі і РФ. Нібыта санкцыі і ёсьць, а імпарт з ЭЗ у Беларусь склаў 8 мільярдаў даляраў. Скажам, істотна вырасьлі пастаўкі аўтамабіляў, у тым ліку і люксавых.
Мы ацэньваем каротка- і сярэднетэрміновы эфэкт санкцыяў. А Захад нікуды не сьпяшаецца. Ён будзе душыць паступова. Але будзе.
Вось думалі мы, што будзем лётаць у ЭЗ праз Стамбул. Але гэты шлях закрываецца. Кітайскія банкі адмаўляюцца праводзіць беларускія плацяжы з прычыны амэрыканскага ціску.
— Тэза:
Санкцыі не вядуць да зьмены паводзінаў рэжыму Лукашэнкі і ня могуць паўплываць на іх.
Лойка: Самі па сабе санкцыі на гэта не паўплываюць. Але гэта сыгнал ня толькі для Лукашэнкі. Але будзе нешта пасьля яго. І па маіх адчуваньнях — будзе хутка.
І гэта стымул, каб Беларусь дыстанцыявалася ад Расеі. Гэта спрацуе. Хоць я некаторыя віды санкцыяў не ўхваляю (скажам, авіясанкцыі).
Магчыма, Лукашэнка ўжо ня можа зьняць нагу з пэдаля газу і нясецца ў сьцяну. У яго мо і ёсьць запас трываласьці на пэўны час. Але той, хто прыйдзе пасьля яго, павінен думаць на больш далёкі часавы гарызонт.
Кірылюк: Апошнія санкцыі скіраваныя на прадпрыемствы, якія дапамагаюць Расеі весьці вайну. І гэтыя санкцыі будуць заўсёды, пакуль Беларусь будзе падтрымліваць Расею.
Так, ёсьць дзіркі ў санкцыях. У НАУ ёсьць напрацоўкі, як удасканаліць санкцыі, бо ёсьць такія зь іх, якія дзейнічаюць адносна РФ, але не адносна Беларусі. Гэта робіць Беларусь квазіафшорам для Расеі.
У Захаду ёсьць гуманітарныя меркаваньні. Там ведаюць, што большасьць беларусаў супраць вайны, супраць Лукашэнкі. І навошта на іх накладаць санкцыі? — пытаецца Захад.
І яго складана пераконваць, што калі санкцыі не накладаць, то гэты рэжым будзе панаваць яшчэ даўжэй, а людзі — пакутаваць у турмах.
У бізнэсе часам даводзіцца выбіраць паміж вялікімі стратамі і невялікімі. Лепш выбіраць невялікія. Калі нейкі бізнэс у Беларусі зьбяднее праз санкцыі, але палітвязьні выйдуць з-за кратаў раней — гэта нармальны маральны выбар.
Толькі санкцыі, сапраўды, ня зьменяць рэжым. Але калі заўтра іх скасаваць, гэта толькі ўмацуе рэжым, і ён будзе пачуваць сябе беспакараным і зможа рабіць усё што заўгодна.
— Тэза:
Скарачэньне ці скасаваньне санкцыяў ня можа прывесьці да вызваленьня палітвязьняў.
Кірылюк: Многія трактуюць гэта як абмен санкцыяў на закладнікаў. Магчыма, сэнс іх утрыманьня для рэжыму — менавіта ў магчымасьці абмяняць іх вызваленьне на скасаваньне санкцыяў.
Калі гэта так, то для таго, каб такая схема спрацавала, санкцыі трэба не скарачаць, не здымаць, а ўзмацняць. Лукашэнка ня лічыць цяперашні ўзровень санкцыйнага ціску нечым настолькі балючым, каб пачынаць таргавацца.
Калі ціск зьменшыцца, то становішча палітвязьняў толькі пагоршыцца.
Ціск пакуль не дасягнуў узроўню, неабходнага для пачатку торгу.
Лойка: Ціск нарастае, і мы можам прапусьціць той момант, калі гэты гандаль будзе дарэчны.
Я лічу, што торг дарэчны, калі разумець болевыя пункты рэжыму. Ёсьць прыклад Расеі. Умоўных Фрыдмана і Авэна лічаць «кашалькамі Пуціна». Санкцыі зь іх здымаюць. Ці яны і не былі «кашалькамі», ці былі, але іх патэнцыял ня быў скарыстаны, прынамсі для вызваленьня палітвязьняў.
Я лічу, што ў абмен на допуск беларускіх спартоўцаў на Алімпіяду павінны былі быць вызваленыя палітвязьні з гуманітарнага сьпісу. Я ня супраць, каб нашы спартоўцы паўдзельнічалі ў Алімпіядзе, але варта было дамагчыся ў адказ вызваленьня цяжкахворых і шматдзетных.
Гаварылася — як можна мяняць удзел у спартовых спаборніцтвах на палітвязьняў? У выніку атрымалася — ніяк. Палітвязьні сядзяць, а спартоўцы купляюць квіткі ў Парыж.
Кірылюк: Балючыя пункты відавочныя. Але ціск на іх вымагае мераў, якія робяць істотную шкоду самому ЭЗ. Беларусь — транзытная краіна. Празь яе ідзе гандаль ЭЗ з Кітаем. Давайце перакрыем увесь гандаль, як прапануюць некаторыя палітыкі. Але самому ЭЗ гэта зрабіць няпроста.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.