Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 чалавек і 12 юрыдычных асобаў: ЗША пашырылі санкцыйны сьпіс па Беларусі


Міністэрства фінансаў ЗША 15 красавіка ўнесла ў санкцыйны сьпіс па Беларусі 10 фізычных і 12 юрыдычных асобаў, гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце ведамства.

У санкцыйны сьпіс увайшлі 6 беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, 1 юрыдычная і 5 фізычных асобаў, якія «ўдзельнічаюць у садзейнічаньні ўгодам для буйнога прадпрыемства абароннага сэктару Беларусі, унесенага ў [санкцыйны] сьпіс ЗША», а таксама 5 арганізацый і 5 фізычных асобаў, якія «ўдзельнічаюць у глябальнай зброевай сетцы і вядуць бізнэс з унесенай у санкцыйны сьпіс ЗША беларускай абароннай кампаніяй», гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Згодна з абноўленым санкцыйным сьпісам, сярод беларускіх арганізацый пад санкцыямі апынуліся:

  • ААТ «Тэхніка сувязі»,
  • ААТ «Агат-сыстэм»,
  • НДІ электронных вылічальных машын,
  • ТАА «ІнаТэх Салюшнс»,
  • ААТ «АГАТ-сістэмы кіраваньня» — кіруючая кампанія холдынгу «Геаінфармацыйныя сыстэмы кіраваньня»,
  • ААТ «СтанкаГомель».

Сярод фізычных асобаў-грамадзян Беларусі пад санкцыі трапілі:

  • Дзьмітры Браім, намесьнік гендырэктара «Пеленга» (беларуская кампанія, якая распрацоўвае і вырабляе оптыка-электронную прадукцыю),
  • Сяргей Чаргейка, кіраўнік аддзела плянаваньня на «Пеленгу»,
  • Дзьмітры Міхальцоў, тэхнічны дырэктар ААТ «ММЗ імя С.І.Вавілава» — кіроўная кампанія холдынгу «БелОМА»),
  • Алег Юрчык, гендырэктар Shenzhen 5G High-Tech Innovation Co (кітайская кампанія, пасярэднік для ААТ «Пеленг»),
  • Аляксандра Аксянчук, вытворчы дырэктар Shenzhen 5G High-Tech Innovation Co,
  • Тацяна Пратаповіч, дырэктарка Centuronic.

Акрамя гэтага, у санкцыйным сьпісе па Беларусі апынуліся шэраг 6 замежных арганізацый: Shenzhen 5G High-Tech Innovation Co (Кітай), Black Shield Company for General Trading LLC (Ірак, кампанія займаецца гандлем зброяй), Centuronic LTD (Кіпр), S. Group Airlines LTD (Кіпр), Phoenix Lines S.R.O. (Славакія), Rayya Danişmanlik Hizmetleri Limited Şirketi (Турэччына), а таксама 4 фізычныя асобы з Лібану, Сырыі, Славакіі і Швэцыі.

Уключэньне ў пералік цягне за сабой замарожваньне актываў у ЗША і забарону амэрыканскім грамадзянам і кампаніям весьці бізнэс зь яго фігурантамі.

«Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі працягвае спадзявацца на прыбыткі ад сваіх дзяржпрадпрыемстваў для фінансаваньня гвалтоўнага падаўленьня сваіх грамадзянаў і абыходу санкцыяў ЗША. Мы працягнем прымяняць наш шырокі набор інструмэнтаў, каб перасьледваць шырокія сеткі незаконнага садзейнічаньня ў Беларусі і прыцягваць рэжым да адказнасьці за яго саўдзел у несправядлівай вайне Расеі ва Ўкраіне і атрыманьне прыбытку ад яе», — заявіў намесьнік міністра фінансаў ЗША па барацьбе з тэрарызмам і фінансавай выведцы Браян Нэльсан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG