Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
У адпаведнасьці з дырэктывай дапамога ў абыходзе забароны на паездкі ў краіны ЭЗ, гандаль санкцыйнымі таварамі або ажыцьцяўленьне забароненай фінансавай дзейнасьці, а таксама дапамога і падбухторваньне да гэтых злачынстваў могуць быць крымінальна каральнымі.
У паведамленьні Рады ЭЗ адзначаецца, што «дзяржавы-чальцы павінны забясьпечыць, каб парушэньне санкцый каралася эфэктыўнымі і сувымернымі крымінальнымі пакараньнямі, якія вар’ююць у залежнасьці ад правапарушэньня».
Пры гэтым наўмыснае парушэньне санкцый павінна цягнуць за сабой турэмнае зьняволеньне ў якасьці максымальнага пакараньня. На асобаў, якія парушылі абмежавальныя меры ЭЗ, могуць быць накладзеныя дадатковыя штрафы.
Юрыдычныя асобы, гаворыцца ў рэлізе, таксама могуць быць прыцягнутыя да адказнасьці, калі правапарушэньне ўчыненае асобай, якая займае кіраўнічую пасаду ў арганізацыі. У такіх выпадках санкцыі могуць уключаць у сябе пазбаўленьне права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю і адкліканьне дазволаў на вядзеньне гаспадарчай дзейнасьці.
Адзначаецца, што дырэктыва набудзе моц на дваццаты дзень пасьля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЭЗ, пасьля чаго ў дзяржаў-чальцоў будзе 12 месяцаў на ўключэньне палажэньняў дакумэнту ў сваё нацыянальнае заканадаўства.
З даведачнай інфармацыі вынікае, што Эўракамісія прапанавала такія меры яшчэ ў сьнежні 2022 году, каб абмежаваць абыход санкцый і ўзмацніць жорсткасьць іх ужываньня. У адказ на расейскую агрэсію супраць Украіны ЭЗ прыняў «беспрэцэдэнтную колькасьць абмежавальных мер, каб аслабіць эканамічную базу Расеі і абмежаваць яе здольнасьць весьці вайну», адзначае Рада ЭЗ.
22 сакавіка гэты інстытут заклікаў вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпа Бурэля і Эўракамісію падрыхтаваць далейшыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску.
ЭЗ раней увёў адносна Беларусі сем пакетаў санкцый за саўдзел у расейскай агрэсіі.
Акрамя таго, беларускія фізычныя і юрыдычныя асобы ўключаныя ў шэраг пакетаў санкцый ЭЗ, прынятых у дачыненьні да РФ.