Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 красавіка: палітвязьню Гусеву дадалі яшчэ адзін год зьняволеньня


Суд у Віцебску, архіўнае фота
Суд у Віцебску, архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

58-гадовага мэханіка зь Бярозы асудзілі на 3 гады «хіміі» за камэнтар пра Лукашэнку

У судзе Бярозаўскага раёну 26 сакавіка асудзілі Сяргея Буваку паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта») Крымінальнага кодэксу. Пра вырак праваабаронцам стала вядома 16 красавіка.

Судзьдзя Натальля Мінчанка прызначыла Сяргею 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў пракурор Аляксандар Круцько.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў у тэлеграм-чаце на 341 чалавека паведамленьне ў адрас Лукашэнкі, якое суд палічыў абразьлівым. Да суду 58-гадовы Сяргей Бувака знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Жыхара Жлобіна асудзілі на 2 гады калёніі за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту

29-гадовага Арцёма Насановіча асудзілі за ўдзел у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Справу супраць жыхара Жлобіна разглядала судзьдзя Сьвятлана Андрэева.

Як адзначаюць гомельскія праваабаронцы, акалічнасьці крымінальнай справы невядомыя.

Скаргу журналістаў адхілілі

Вярхоўны суд не задаволіў апэляцыйную скаргу на прысуд фотажурналіста і відэаапэратара Аляксандра Зянкова, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Апэляцыю разглядала судзьдзя Тацяна Васілевіч. Журналіста ўтрымліваюць у магілёўскім СІЗА, дзе ён, хутчэй за ўсё, будзе знаходзіцца да адпраўкі на месца адбыцьця прысуду.

30 студзеня Менскі гарадзкі суд пакараў Зянкова 3 гадамі пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Журналіста затрымалі 22 чэрвеня 2023 году ў ягоным доме ў Барысаве (Менская вобласьць). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зьняволеным.

Ён супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі СМІ, уключаючы барысаўскі сайт ex-press.by (цяпер ex-press.live), кантэнт якога быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» двойчы — у кастрычніку 2021 году і ў лютым 2023-га.

Паводле БАЖ, у Беларусі на сёньня ў няволі 36 прадстаўнікоў СМІ.

Палітвязьню Гусеву дадалі яшчэ адзін год зьняволеньня

У Ваўкавыску 22 студзеня разгледзелі крымінальную справу супраць палітзьняволенага Вадзіма Гусева, асуджанага раней за «абразу прадстаўніка ўлады». Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі).

Як піша «Вясна», судзьдзя Мікалай Сяргейка асудзіў палітвязьня яшчэ на адзін год калёніі, а з улікам неадбытага раней пакараньня канчаткова прызначыў яму пазбаўленьне волі тэрмінам на 1 год і 3 месяцы.

Вядома, што за парушэньне «правілаў унутранага распарадку» яму выпісалі 9 спагнаньняў, у тым ліку зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ. Таксама Вадзіма адразу па прыбыцьці прызналі «злосным парушальнікам рэжыму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG