Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заклікаў да максымальнай стрыманасьці, выступаючы ў нядзелю на экстраным пасяджэньні Рады Бясьпекі, прысьвечаным сытуацыі, якая склалася пасьля атакі Ірану на Ізраіль.
Блізкаму Усходу, паводле яго, неабходна «адысьці ад краю прорвы».
Жыхары рэгіёну сутыкнуліся з рэальнай небясьпекай разбуральнага поўнамаштабнага канфлікту. Цяпер настаў час для разрадкі і дээскаляцыі, сказаў Гутэрыш.
Ён таксама заявіў аб неабходнасьці неадкладнага спыненьня агню ў сэктары Газа, вызваленьні ўсіх закладнікаў, якіх утрымлівае ХАМАС, і дастаўкі гуманітарнай дапамогі палестынцам.
«Ні рэгіён, ні сьвет ня могуць дазволіць сабе яшчэ большай вайны», — рэзюмаваў Гутэрыш.
Генэральны сакратар ААН нагадаў краінам — сябрам арганізацыі аб тым, што акты адплаты з прымяненьнем сілы забаронены міжнародным правам.
Пастаянны прадстаўнік Ізраіля ў ААН Гілад Эрдан заявіў, што Іран неабходна спыніць, пакуль ён «не прывёў сьвет да пункту незвароту, да рэгіянальнай вайны, якая можа перарасьці ў сусьветную», перадае CNN.
Увечары ў нядзелю завяршылася паседжаньне ізраільскага вайсковага кабінэта, якое працягвалася некалькі гадзін. Аднак, як паведамляюць крыніцы заходніх і ізраільскіх СМІ, канчатковага рашэньня аб тым, як Ізраіль адкажа на атаку Ірану, пакуль не прынята.
Раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў прэм’ер-міністру Ізраіля Біньяміну Нэтаньягу, што далейшыя дзеяньні ў адказ Ізраіля на атаку з боку Ірана немэтазгодныя і што ЗША ня будуць браць у іх удзелу.
Прадстаўнік Ірана ў ААН Амір Саід Іравані заявіў, што Тэгеран выкарыстоўвае сваё неадʼемнае права на самаабарону і ў яго «няма іншага выбару, акрамя як дзейнічаць». Пры гэтым Ірвані адзначыў, што яго краіна не імкнецца да эскаляцыі ці вайны, але гатовая адказаць на любую пагрозу ці агрэсію.
- У ноч на 14 красавіка Іран атакаваў Ізраіль некалькімі сотнямі ўдарных бесьпілётнікаў і ракет.
- Іран выпусьціў па Ізраілі больш за 300 снарадаў, у тым ліку 170 дронаў, 30 крылатых ракет і 120 балістычных ракет, заявіў прадстаўнік Арміі абароны Ізраіля Даніэль Хагары. Паводле яго слоў, 99 працэнтаў зь іх былі перахоплены сродкамі СПА.
- Іранскі бок заявіў, што гэта адказ на ізраільскі ўдар 1 красавіка па пасольстве Ірана ў Бейруце, у выніку якога загінулі сем афіцэраў Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі.
- «Апэрацыя „Сумленнае абяцаньне“… была пасьпяхова завершаная зь мінулай ночы да сёньняшняй раніцы і дасягнула ўсіх пастаўленых мэтаў», — заявіў начальнік штабу іранскіх узброеных сіл Махамад Багеры.
- Багеры заявіў, што ўдар у адказ іранцы нанесьлі ўдар па «выведным цэнтры» і авіябазе, зь якой, на думку Тэгерану, узьляцелі ізраільскія зьнішчальнікі F-35 для нанясеньня ўдару па консульстве ў Дамаску.
- Прадстаўнік Ірану заявіў, што «Абодва гэтыя цэнтры былі значна разбураныя і выведзеныя з ладу».